Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Авяр’ян Дзеружынскі - Мышка і неслухмянае мышаня

Казка


Па палянцы
Бегла мышка,
На ёй
Шызая манішка,
На малых
Танклявых ножках
Валасяныя панчошкі.
А насустрач –
Мышаня:
– Мама!
Мамачка мая!
Прабягала блізка
Тут рыжуха –
Ліска.
– Пабяжым
У хатку-норку!
– Ды не можа быць
Гаворкі,
У нары
Няма чым дыхаць, –
Пачала малая
Хныкаць.

Неўзабаве
Мышка-маці
Была ў норцы,
Была ў хаце,
Сілкавалася,
Маўчала...
Мышаня ж
Усё пішчала,
Перад норкаю-хацінай
Не змаўкала
Ні хвіліны.
– Дык заходзь,
Дачушка,
У хатку,
Дам я
Смачную аладку.
– Не хачу Аладкі тое,
Мне б што іншае,
Другое.
– Дык заходзь,
Дачушка,
У домік,
Я пастаўлю
Масла слоік.
– Не хачу я
Масла тога,
Мне б зярнятка залатога.
– Дык заходзь,
Дачушка,
Ў хату,
Дам я круп-табе
Багата.
– Не хачу я круп,
Не трэба,
Добра мне і тут,
Пад небам
Дыхаць лепей,
Чым у хаце...

Раптам піск
Пачула маці, –
Мышаня прыбегла
Ў норку
I заплакала так горка.
– Што з табой,
Мая дачушка?
– Ты даруй мне,
Я няслушка,
А за гэта
Пакарана –
Хвосцік, бачыш,
Адарваны
Тою рыжаю лісой,
Засталася ледзь жывой.

 

Похожие статьи:

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Хто вінаваты?

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Палявая мышка

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Васілёк

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Той, хто працуе...

Пераказы, дыктантыНезвычайная мышка