Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



На пачатку вайны

   Вайна... Трэція суткі, як яна пачалася. Ударыла як гром з яснага неба, аглушыла, і я ніяк не магу апомніцца. Не толькі цяпер, пасля бою, пасля першых выбухаў бомбаў і нашых няўмелых стрэлаў, гудзіць у вушах. Не, гэты звон і гул у галаве з’явіліся адразу ж, як толькі я, першы на батарэі, пачуў пра вайну. I страх (мне сорамна прызнацца ў гэтым), страх таксама запаланіў душу з першых хвілін. Увесь час думаю пра смерць. Няўжо гэта канец? У дваццаць адзін год? Няўжо я ніколі не вярнуся дадому, не ўбачу маці, Сашу і маю маленькую дачушку, што нарадзілася два тыдні назад?
   Не магу спаць, сон не прыходзіць трэцюю ноч. Як толькі заплюшчу вочы, адразу ж паўстае яна, мая Саша, з дачушкай на руках, Аніна хата, такая любая цяпер майму сэрцу, дарога ўздоўж Дняпра, па якой прыйшоў я і па якой Саша правяла мяне сюды, у гэты далёкі суровы паўночны край, не ведаючы, што праводзіць на вайну. Як ніколі раней, прыгадваецца кожнае яе слова, кожны жэст.
   Дзіўная рэч! Ці даўно быў той час, калі я любіў чытаць пра вайну і, як многія мае равеснікі, употай марыў пра ваенны подзвіг? Мне здавалася, што адразу ж я здолею зрабіць нешта такое, што праславіць маё імя і выратуе чалавецтва. Цяпер я думаю: якое гэта шчасце – жыць на зямлі ў міры, цішыні! О, каб дажыць да такога дня!
   Я ўспамінаю сённяшні бой, і мне робіцца яшчэ больш страшна, горка і крыўдна.
   Яны прыляцелі тады, калі недзе там, у нас, у Беларусі, заходзіла сонца. А тут яно павісла над лясістай градой невысокіх гор, каб больш не зніжацца да самай раніцы. Спачатку вельмі нечакана, быццам вынырнулі з гары, з’явіліся два «месершміты». Доўгія, чорныя, як вужы, яны прайшлі нізка над гідрастанцыяй, схаваліся за ўсходнімі сопкамі і зноў вынырнулі на аэрадром.
   – Трывога! – страшным голасам закрычаў разведчык. Крык гэты ўсіх скалануў. У мяне задрыжалі рукі. Я да болю сціскаў ручку паваротнага механізма, не зводзячы вачэй са стрэлкі азімута. Разгублена стаяў наш камандзір, сяржант Тарных.
   Раптам бухнуў гарматны стрэл. Ударыла чацвёртая гармата. Я глянуў у неба і мімаволі прыгнуўся: проста нада мной, у самым зеніце, віселі два чорныя крыжы ў жоўтых кругах. Потым позірк мой упаў на агнявую пазіцыю батарэі, уразіла дзіўная рэч: насуперак правілам стральбы, усе чатыры гарматы павернуты ў розныя бакі, і толькі адна, чацвёртая, вядзе агонь. Я падумаў: значыць, варожыя самалёты з усіх бакоў, яны ходзяць баявым курсам.
   Мае думкі перапыніў моцны выбух, ад якога калыхнулася пад нагамі зямля. За ім другі, трэці. Над аэрадромам, над пасёлкам шуганулі ўгору слупы полымя і дыму.
   Цяпер я бачыў фашысцкія самалёты, нават бачыў, як падаюць бомбы. Фашысты з розных бакоў заходзілі на аэрадром, з якога ўзнімаліся, захопленыя знянацку, нашы знішчальнікі. Адзін з іх вынырнуў проста з выбуху і загарэўся ў паветры. Другі, не набраўшы вышыні, урэзаўся ў будынак клуба лётчыкаў. На маіх вачах гінулі людзі. Нашы людзі! Ашаломлены, аглушаны, я не мог адарваць вачэй ад жудаснай карціны вайны, забыўшыся на нейкі момант на свой уласны страх. Знішчальнікі, якім удалося ўзляцець, атакавалі варожыя бамбардзіроўшчыкі. Застракаталі кулямёты. Пачаўся паветраны бой...
(498 слоў)

Паводле I. Шамякіна.

Похожие статьи:

Іван ШамякінІван Шамякін - Непаўторная вясна

БиографииІван Шамякін

Іван ШамякінІван Шамякін - Злая зорка

Іван ШамякінСэрца на далоні. Адказы на пытанні

Іван ШамякінАдказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"