Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



На паляне

   У лесе было сцішана, лагодна. Нагрэтая сонцам зямля і ствалы дрэў аддавалі млявай цішынёю. Пахла вялым лісцем, маладой папараццю, што скрозь зелянела пад дрэвамі, над блішчастым бруснічнікам. Мы моўчкі ляжалі і цешыліся лагоднасцю летняга лесу, слухалі прыціхлыя ў спёку птушыныя галасы.
   Нечакана ў канцы паляны гайданулася маладая бярэзінка, быццам яе скаланула ветрам, хоць ветру ніякага і не адчувалася ў лесе.
   Глядзім: асцярожна выйшла з-за яе ласіха з ласяняткам. Рыжае цялятка было зусім яшчэ маленькае, на высокіх цыбатых ножках, з тонкай шыйкай. Малое пужліва ціснулася да маці, матляючы ўвесь час зграбнай галоўкай.
   Вось ласянятка спынілася пад бярэзінкай і часта-часта затупала ножкамі, быццам яно стаяла не на зямлі, а на гарачым вуголлі.
   – Камарэча малое даймае, ціха шэпча мне стары ляснік.
   Я паківаў галавой: якія мукі даводзіцца жывёле прымаць! Гэта ж не чалавек, які знойдзе, як пазбавіцца іх, а жывёла, да таго ж малая, неразумная.
   – Глядзі! – штурхае мяне пад бок ляснік.
   Што гэта? Маці ўзяла ў рот галінку бярэзінкі, што нізка звісла ўніз, і пачала яе тузаць. Тонкія галінкі з мяккім лісцем на іх злёгку дакраналіся да спіны і бакоў цяляці, і яно перастала непакоіцца, сцішылася.
   «А можа, гэта яна не камароў адганяе ад дзіцяці, а маладое лісце скубе?» – усміхнуўся я і больш пільна пачаў прыглядацца да таго, што адбывалася на паляне.
   Конь, які ўвесь час ціха стаяў воддаль у засені арэшніку, нечакана моцна страсянуўся, бразнуў збруяй. Ласіха спалохана павярнулася ў наш бок, разгублена патапталася на месцы і зараз жа кінулася ў гушчар. Услед за ёю, ні на крок не адстаючы, пабегла і цялятка.
   Калі жывёлы зніклі, ляснік кажа:
   – Вось яно як, браце. Колькі тут мацярынскай любові і клопату аб дзіцяці! А мы, людзі, эгаістычна сцвярджаем, нібыта жывёлы адным толькі інстынктам кіруюцца ў жыцці. Не, штосьці тут не тое. Мусіць, і яны розум маюць. Няхай сабе і не такі ўжо багаты, як у нас, людзей, а ўсё ж маюць.
   Дамоў мы вярталіся моўчкі. Убачанае ў лесе надта ўразіла нас абодвух.
(319 слоў)

Паводле Р. Ігнаценкі

 

Похожие статьи:

ПераказыНечаканая сустрэча

ПераказыЛасіха

ПераказыУдзячная ласіха і дзіўнае ласяня

ПераказыДапамаглі

ПераказыНа паляне