Шызы мох мерна хрумсціць пад мяккімі падэшвамі, і час ад часу хрупаюць тоўстыя сасновыя шышкі.
Шум ходзіць па версе, а ўнізе і ў ветраны дзень цішыня. У рэдкім лесе сосны разрастаюцца букетамі. І ядловец не толькі, як кіпарыс, стройны, але яшчэ і разбукечаны.
Я прылёг на паляне, пад сасонкай, у рэдкім, з плямамі сонца цянёчку. Ад ветрыку, што варушыцца знізу, кланяецца ружаватымі гронкамі насенне шчаўя, кланяюцца мятліца і таўкачыкі. Пад імі ціха жывуць чабор і смолкі. Ад ветру, што ходзіць угары, час ад часу шуміць панурая лістота векавых дубоў. А вышэй у нябесным блакіце, у раскошнай ляноце плывуць, як кавалачкі ваты, невялікія рэдкія аблачынкі.
На паляне, дзе я цяпер ляжу, некалькі дзён назад, калі яна перад дажджамі была таксама сонечная, я пачуў здалёк музыку Грыга. Я пазнаў яго: гучала чароўная песня Сольвейг. І стала на душы шчасліва, невытлумачальна ясна ад таго, як добра яна, музыка, перадае нашы пачуцці, як яна неабходная і мастацтву слова.
(154 словы)
Паводле Я. Брыля
Похожие статьи:
Пераказы → Музыка
Якуб Колас → Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»
Пераказы → На паляне (Паводле Р. Ігнаценкі)
Пераказы → «Апасіяната»
Пераказы → Музыка