Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Музыка

Варыянт 1 (308 слоў)

   Пастушок Васілька з самых малых дзён любіў іграць на жалейцы. Іграючы, ён ніколі не сумаваў са сваім статкам у самым дзікім гушчары, на самых глухіх палянах сярод балота.
   Васілька іграў так шчыра, ад усёй душы, што ўсё навокал цешылася з яго музыкі. Ён іграў вельмі прыгожа, усіх зачароўваў.
   Прыходзілі навучыцца іграць да пастушка ўсе, хто толькі меў жаданне. Ён іх старанна вучыў, бо чым больш музыкаў было навокал, тым больш было радасці на душы.
   Першага навучыў пастушок сваёй музыцы салаўя. Калі навучаны салавей спяваў апоўначы ў бярэзніку, дык не толькі блізкія істоты, але і далёкія зоркі ў небе слухалі з прыемнасцю і пераміргваліся паміж сабой.
   Пасля салаўя вучыўся ў пастушка жаваранак. Гэта была не такая здольная птушачка, як салавей, але і жаваранак навучыўся іграць вясёлую музыку лёгкім хмаркам пад вясновым небам.
   Пасля салаўя і жаваранка вучыліся і іншыя птушкі. «Усе пяюць, усе іграюць, – падумаў хлопчык. – Увесь свет пад сонейкам мае сваю музыку. А што калі я зайграю для сонейка, якое пануе над усім светам?»
   І вось аднойчы хлопчык зайграў на сваёй жалейцы. Зайграў вельмі прыгожа. Такой цудоўнай музыкі яшчэ ніхто на свеце не чуў. Гэта была песня без слоў, бо хлопчык іграў для сонейка, а яно без слоў добра разумее. Дзівіліся дрэвы, птушкі, рэчка, неба. Дзіву давалася ўся зямля.
   Увесь свет выглядаў велізарнай скрыпкай з незлічонымі струнамі. Гэта было так хораша, так цудоўна і прыгожа, што само сонейка вельмі ўзрадавалася. Спусцілася яно з неба на сваіх лёгкіх прамяністых крылах і пацалавала маленькага хлопчыка ў самыя вусны. Пацалунак быў такі лёгкі, што пастушку здалося, нібы лёгкі ветрык толькі крануўся яго твару.
   Хлопчыку так добра зрабілася на душы, што захацелася глянуць на сябе. Ён падышоў да рэчкі, каб зірнуць у яе, як у люстэрка. Глянуў у ваду і сам сябе не пазнаў. Такі ён стаў прыгожы! Гэты цуд над ім стварылі летняе сонейка і надзвычайнае шчасце, якое яго азарыла.

 


 

Варыянт 2 (587 слоў)

   Пастушок Васілька з самых малых дзён любіў іграць на жалейцы. Бывала, як зайграе вясёлую песеньку, дык неба весялілася, сонца смяялася, дрэўцы ківаліся ў такт. Зляталіся розныя птушкі, збягаліся розныя звяры слухаць ігру пастушка. Рэха кацілася ад дрэва да дрэва, ад горкі да горкі, ад лугу да лугу і склікалі ўсіх. Усім істотам было весела і добра ад яго песняў.
   А калі пастушок іграў жаласлівую песню, дык сумна рабілася на полі. Краскі слязамі расістымі пакрываліся. Дрэўцы і кусты нямелі, а высока над полем хмаркі затулялі яснае неба. Усе жывыя істоты апускалі галовы і глыбока задумваліся. Але і смутак-жаль ад трэляў жалейкі быў усім прыемны, як свежы ранішні туман, і салодкі, як ліпавы мёд. Усім нечага надзвычайнага жадалася пры яго ігры. Усіх Васілька зачароўваў. Над усім ён панаваў са сваёй жалейкай, якая мела ў сабе вялікую сілу.
   Прыходзілі навучыцца да настаўніка ўсе, хто толькі меў сэрца жывое. Ён іх вучыў старанна, бо чым болей музыкаў было вакол, тым болей ён радаваўся. А вучыў ён не проста, але па нотах. Нотамі ў яго былі не такія нямыя і мёртвыя значкі і круцёлачкі на паперы, а ўся жывая зямелька са сваімі рознакаляровымі краскамі, траўкамі, дрэвамі і серабрыстымі крынічкамі. Блакітнае неба са сваімі свечкамі-зоркамі, размаітымі хмаркамі, пераліўнымі зарніцамі і фарбамі. Гэта ўсё было нотамі для пастушка, гутарлівымі, спеўнымі і рухлівымі. Па іх вельмі лёгка было вучыцца.
   Спачатку навучыў пастушок сваёй музыцы салоўку. Салоўка быў яго найлепшым вучнем. Калі адукаваны салоўка спяваў апоўначы ў бярэзніку, дык не то што блізкія істоты, але і далёкія зоркі ў небе слухалі з прыемнасцю і пераміргваліся ад дзіва паміж сабой, кажучы: «Глядзіце, сястрычкі, такі малы шэры жэўжык, а якія слаўныя трэлі выводзіць».
   Вялікая пашана з’явілася ў хлопчыка да ўсяго свету.
   «Давай, – падумаў хлопчык, – зайграю для сонейка, якое пануе над усім светам!»
   I вось у адну пекную раніцу хлопчык яшчэ цямнютка выгнаў статак у поле. На прасторы ён зайграў на сваёй жалейцы. Зайграў прыгажэй, чым заўсёды. Уся пекната летняй зямлі адбілася ў яго песні.
   Гэткай прыгожай музыкі яшчэ ніхто на свеце не чуў. Гэта была песня без слоў, бо хлопчык іграў для сонейка, а сонейка без слоў добра разумела. Дзівіўся статак. Дзівіліся дрэвы, птушкі, рэчка, неба. Дзіву далася ўся зямля.
   I вось на ўсходзе сонейка на лузе пачалася вялікая музыка: усе стварэнні на зямлі і сама зямля ігралі і спявалі, кожны на свой лад, на тысячы-тысячы галасоў.
   Увесь свет выглядаў велізарнай скрыпкай з незлічона многімі струнамі. Гэта было так хораша, так цудоўна прыгожа, ажно само сонейка вельмі ўзрадавалася. Спусцілася сонейка з неба на сваіх лёгкіх прамяністых крылах і пацалавала маленькага хлопчыка ў самыя вусны. Пацалунак быў такі лёгкі, што пастушку здалося, нібы кволы ветрык толькі крануўся яго твару.
   А сонейка было такое радае і добрае, што задумала апрануць зямлю ў багатыя вопраткі, у шаўковыя і залатыя колеры. I ззяць, ззяць і радаваць усіх.
   З-пад аксамітнай і пурпуровай хмаркі ўзышло яно, гарачае і бліскучае. Узышло ды ўсміхнулася. Усміхнулася ды яшчэ вышэй паднялося і абсыпала сваімі промнямі зялёны ўзгорак, дзе стаяў пастушок. Пастушок выглядаў не то сярэбраным, не то залатым. Промні пырскалі яму ў твар дыяментавымі снапамі. Прамяні сыпаліся бліскучымі іскрамі, каляровым макам з яго вачэй. Здавалася, што ў пастушковых вачах драбнюткія хохлікі крэсяць агонь бесперастанку.
   Хлопчыку так добра зрабілася на душы, што яму захацелася глянуць на сябе. Ён падышоў да рэчкі, каб зірнуць у яе, як у люстэрка.
   Глядзі, глядзі ў мяне, – сказала рэчка, – бо твая душа чыстая і празрыстая, як мая вада!
   Зірнуў хлопчык у ваду і сам сябе не пазнаў. Такі ён стаў прыгожы! Гэты цуд стварылі летняе сонейка і надзвычайнае шчасце, якое азарыла яго ўсяго...

Паводле З. Бядулі

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыМаленькая сімфонія

Пераказы, дыктанты«Апасіяната»

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Янка ЖурбаЯнка Журба - Пастушок

Пераказы, дыктантыМузыка