Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



На лузе летам

   Летам, куды ні кінеш вокам, зачароўваюць зялёны прастор і прыгажосць.
   У полі бяскрайнім морам бушуе жыта. Коцяцца пад лёгкім павевам ветрыку зялёныя хвалі, коцяцца і коцяцца, і няма ім ні канца, ні краю. І калі над гэтым жытнёвым морам раптам падымаецца, шырока распрасцёршы пругкія крылы, сівы лунь, міжволі здасца табе, што гэта сапраўднае мора, у якім дзесьці на небасхіле праплыве малюсенькі паруснік.
   Узлескі і паляны патанаюць у белых карунках легкакрылых рамонкаў, у бірузе лугавога льну і браткаў, у тонкім перазвоне ліловых званочкаў.
   Хораша летам на лузе. Сухое паветра моцна настоена на тонкім водары ружовай смолкі, на мядовым паху чырвонай канюшыны.
   Хораша гэтай парой паляжаць у цяньку дрэў або асвяжыцца ў рэчцы. А яшчэ больш прыемна прабрацца на світанні росным зараснікам вербалозу да схаванага пад покрывам белага туману азярца, што згубілася сярод шырокіх пойменных лугоў Бярэзіны, і бясшумна, так, каб не спудзіць птушку, якая яшчэ спіць у кусце, закінуць У нерухомую ваду вуду. Закінуць і моўчкі любавацца, як лёгкі, нібы пёрка, паплавок, пакалыхваючыся між зялёных лістоў лопуху, паплыве да яшчэ соннай лілеі і, спыніўшыся перад ёю, далікатна пачне раскланьвацца.
   Вось з-за лазняку выглянула вялізнае чырвонае сонца. Пасля яно падымецца над лугамі, і ўсё навокал: шэры хмызняк, высокі трыснёг над вадой, невыразна акрэсленыя ўдалечыні сілуэты адзінокіх дубоў – раптам паплыве ў нейкім казачным мроіве. І ты сам тады з вудай у руцэ, здаецца, паплывеш у бязмежную ружовую далячынь.
   Усё жывое на лузе зачаравана гэтай прыгажосцю. Адна толькі перапёлка ў роснай траве, не заўважаючы гэтага хараства, угаворвае цябе: «Спаць пара, спаць пара». Дзівачка! Пра які сон можа ісці гаворка, калі чалавеку цяпер і начамі не спіцца.
   Лета! Залатая пара!
(268 слоў)

Паводле Р. Ігнаценкі

 

Похожие статьи:

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Лета

ПераказыШчаслівая ўсмешка лета

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Плакала лета, зямлю пакідаючы...

ПераказыЛетам у бары

Якуб КоласЯкуб Колас - Лета