Шмат клопатаў у Арцёмкі на дачы. Найперш – назіраць за бусламі. Адразу за агароджай на дрэве зроблена буслянка. Зранку і да позняга вечара тут кіпіць работа. Калі Арцёмка прыязджае на канікулы, у гняздзе ўжо з’яўляецца двое, а то і трое маладых буслянят. Пацешна глядзець, як яны вучацца лётаць: стануць на край буслянкі і доўга не адважваюцца скокнуць уніз. Але бацькі ім строга выгаворваюць за нерашучасць, незадаволена клякочуць, а калі і гэта не дапамагае, то проста выпіхваюць іх з гнязда. Арцёмка бачыў гэта на свае вочы. Падаючы, маладыя буслікі пачынаюць сутаргава махаць крыламі, спыняюць падзенне і нават крыху набіраюць вышыню. Але далёка ляцець яшчэ баяцца: зрабіўшы круг, вяртаюцца ў гняздо. А праз нейкі час урок гэты паўтараецца.
І з кожным днём палёт маладых буслоў становіцца ўсё больш упэўненым.
Летась тут ледзьве не здарылася бяда. Раніцаю, як звычайна, Арцёмка прыбег у альтанку, каб паназіраць за бусламі. Але ў той дзень яны паводзілі сябе неяк нязвыкла, кружылі вакол дрэва, то апускаючыся амаль да самай зямлі, то зноў набіраючы вышыню, і ўвесь час трывожна клекаталі. Падышоўшы бліжэй, Арцёмка ўбачыў, што ў траве пад дрэвам бездапаможна трапечацца малое бусляня. Напэўна, неасцярожна крутнулася і выпала з гнязда.
Арцёмка паклікаў дзеда. Удвух яны ўважліва агледзелі перапалоханае, насцярожанае бусляня. На шчасце, ні крыльцы, ні лапкі ў яго не былі пашкоджаны. Аднак самастойна вярнуцца ў гняздо птушаня не магло: яно ці то балюча ўдарылася, ці яшчэ не хапала сілы.
Дзеду з Арцёмкам самім рады даць не ўдалося. Залезці на высокае дрэва яны не маглі, а такой лесвіцы, каб яна дастала аж да буслянкі, у іх не было. Тады дзядуля пазваніў мясцовым ратавальнікам. Тыя прыехалі на машыне з кранам і за некалькі хвілін даставілі няўдачлівую малечу ў гняздо.
(279 слоў)
Похожие статьи:
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Пераказы → Птушкі шчасця
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")