Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Наш Рыгор Раманавіч

   Колькі разоў ні спрабаваў, а ніяк не мог прыпомніць таго дня, калі мы з ім пазнаёміліся. Здаецца, што я ведаў яго вечна. Рыгор Раманавіч Шырма належаў да тых людзей, сышоўшыся з якімі нельга было ўжо расстацца. Розніца ва ўзросце не мела ніякага значэння. Ды яна і не адчувалася, калі гаворка заходзіла пра песню. Тады ён маладзеў і душой, і гадамі і раскрываўся перад субяседнікам ва ўсім харастве свайго добрага сэрца. Яно заўсёды было адкрыта пачуццю прыгожага, любові да роднай зямлі і незвычайнай улюбёнасці ў родную песню.
   Прырода надзяліла яго бездакорным слыхам і гэтакім жа бездакорным густам. Аж не верылася, што ён паходзіў з сялян, – такой інтэлігентнасцю веяла ад яго асобы. Асабліва калі ён, крануты сівізной, у чорным дырыжорскім фраку стаяў на сцэне перад капэлай ва ўсёй сваёй красе – стройна, натуральна і ў той жа час неяк вельмі высакародна, бо вельмі ж высакародным было яго цудадзейства. Ніводнага лішняга руху, усё дакладна ўзважана, разлічана на такое ж дакладнае выканаўчае майстэрства.
   А з якой беражлівасцю і разуменнем раскрываў Рыгор Раманавіч хараство народных мелодый! Тут роўнага яму і назваць цяжка. У беларускай песні ён адчуваў сябе, як у роднай стыхіі, і высока ўзлятаў на яе крылах. Дзякуючы яго старанню многія слухачы і ў нас і за мяжой мелі асалоду па-сапраўднаму, на высокім мастацкім узроўні пазнаёміцца з багаццем беларускага меласу.
   З разлікам на шырокае знаёмства з песеннай культурай свайго народа складаў ён і канцэртныя праграмы, асабліва праграмы гастрольных паездак. І як жа абураўся, калі хто-небудзь з чыноўнікаў невядома па якіх меркаваннях (найчасцей з-за перастрахоўкі) мяняў змест праграмы. Нервуючыся і доўга не могучы супакоіцца, ён толькі бездапаможна скардзіўся:
   – Чаго ім трэба? Чаму яны ўмешваюцца ў тое, чаго самі добра не разумеюць?
   Працы над песняй Рыгор Раманавіч аддаваў шмат часу і энергіі, доўга і старанна шліфаваў кожны гук: ні ў чым не павінна быць ніякага фальшу. А якой чысціні, выразнага вымаўлення кожнага слова дамагаўся ён ад выканаўцаў. І ніколі не спяшаўся з прэм’ерай: выносіў на суд аўдыторыі песню толькі пасля таго, як яна бездакорна зроблена...
   Рыгор Раманавіч Шырма пражыў доўгае жыццё, доўгае і шмат у чым павучальнае. У працы ён быў чалавекам на дзіва цэласным і мэтанакіраваным. Адзін раз абраўшы сабе дарогу, ён не змяніў яе да канца сваіх дзён. І добра, што не змяніў, бо быў як бы спецыяльна народжаны для песні. Горача любіў яе, глыбока адчуваў і разумеў і вельмі старанна аберагаў яе хараство і першароднасць. Аберагаў і справай, і словам. Колькі разоў выступаў ён на разнастайных сходах і ў друку, баронячы народную песню ад тых, хто ўжо лічыў яе пройдзеным этапам, учарашнім днём, ставячы на першае месца эстрадную песню, лічачы толькі яе носьбітам сучаснасці. Адначасова Рыгор Раманавіч прымаў эстрадныя творы, напісаныя на высокім мастацкім узроўні, творы з глыбокім пранікненнем у сутнасць сучасных праблем. Ухваляў, разумеючы, што песня павінна жыць клопатамі сучасніка, выяўляць яго радасці і хваляванні. Добрым прыкладам у гэтым служыла народная песня: яна адгукалася на кожную жыццёвую і працоўную падзею, на кожны рух душы – ад радасці да смутку. Таму такая багатая на жанры народная песня.
(498 слоў)

Паводле А. Бачылы

 

Похожие статьи:

Ян ЧачотЯн Чачот - Песні і балады

ППесня

ПераказыРыгор Шырма

ПераказыНароджаны для песні

ВВясельныя песні