Шчыглоўка – вёска малая, лясная, ціхая. І гэтакую, як сам навакольны лес, можна было б назваць глухменню, калі б не шлях з вёскі ў свет – шырокі, пясчана-мяккі, высаджаны бярозамі. Антон палюбіў яго яшчэ малым хлапчуком і заўсёды бачыў у ім не толькі загадкавую веліч, уладу над наваколлем, але і сваю радасць, мару, надзею на спагадную долю. Востра адчуваў, што гэта яго, яму па спадчыне ад бацькоў наканаваны шлях.
І не памыліўся.
На пачатку жыцця шлях прывёў яго, малога, у блізкі, за вёскаю, лес, дзе як насыпана было суніц. І ці не ў той самы час з гэтага лесу пачаў насіць грыбы. Яшчэ пазней, калі хлопчыку набегла і пяць, і шэсць гадкоў, бярозавым шляхам ганяў са Шчыглоўкі каня на пашу – на ўсю ноч. А як скончыў тры класы ў роднай вёсцы, шлях прывёў у мястэчка Бялынкавічы – да вялікай школы. Тады ўбачыў яшчэ і тое, які доўгі ягоны шлях: да новай школы ажно пяць кіламетраў. Мераў ды перамерваў яго дробнымі крокамі кожны дзень – у маразы ды снежныя завеі, у вясновую ды восеньскую халепу, у лютыя, з ваўчыным стогнам вятры, у дождж ды спякоту – любіў і школу, і шлях бярозавы. Да школы кожны раз спяшаўся, каб не спазніцца на першы ўрок, бо машыны ў той час не хадзілі, пад’ехаць з кім-небудзь на кані шанцавала зрэдку, а ўжо са школы, бывала, пакуль да вёскі дойдзе, колькі разоў спыніцца: то якая птушка прывабіць голасам, то грыб выскачыць на вочы з-за бярэзіны, то прыдарожны каласок паклоніцца, то карытца з бярозавым сокам, разумным чалавекам на вясну выстаўленае, каб падарожнік смагу прагнаў, затрымае… У пятнаццаць гадоў дайшоў ім да чыгункі, сеў на цягнік і апынуўся ў чырваназорнай сталіцы. Там не адразу адшукаў па сэрцы занятак, але вывучыўся ў выдатных настаўнікаў на мастака і ўсё астатняе жыццё з удзячнасцю ўспамінаў сваю дарогу…
(292 словы)
Паводле В. Карамазава
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Млечны Шлях
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Шляхі-дарогі
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў. Варшаўскі шлях
Пераказы, дыктанты → «Птушыны шлях»
Кузьма Чорны → Кузьма Чорны - Млечны шлях