Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Мінскі метрапалітэн
Гісторыя Мінскага метрапалітэна пачалася ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя. У той час у СССР метро будавалі ў гарадах, насельніцтва якіх складала не менш за мільён чалавек. У 1972 годзе ў Мінску нарадзіўся мільённы гараджанін. У тагачаснай сталіцы Беларусі размяшчалася каля ста пяцідзесяці буйных заводаў, фабрык. І наземны грамадскі транспарт літаральна задыхаўся ад перагружанасці. Вырашыць транспартную праблему мегаполіса можна было толькі з дапамогай метро. Мінская падземка стала дзявятым метрапалітэнам на тэрыторыі СССР.
3 мая 1977 года пад Мінскам пачалося будаўніцтва новага віду грамадскага транспарту. 30 чэрвеня 1984 года, напярэдадні саракавой гадавіны вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў адкрыты рух цягнікоў ад станцыі «Маскоўская» да станцыі «Інстытут культуры».
Першая лінія Мінскага метрапалітэна спачатку ўключала восем станцый. Пазней яна тры разы падаўжалася і цяпер складаецца з чатырнаццаці станцый. Маскоўская лінія перасякае Мінск з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад і амаль цалкам праходзіць пад галоўнай магістраллю горада – праспектам Незалежнасці.
У 1985 годзе пачалося будаўніцтва другой лініі метро ад станцыі «Фрунзенская» да станцыі «Трактарны завод». У склад гэтай лініі спачатку ўваходзіла толькі шэсць станцый. 31 снежня 1990 года было адкрыта пяць станцый, а праз тры месяцы адкрылі станцыю «Першамайскую». Пасля гэтага Аўтазаводская лінія падаўжалася чатыры разы і сёння складаецца з чатырнаццаці станцый. Яна перасякае сталіцу з паўднёвага ўсходу на захад.
У сувязі з высокім узроўнем пад’ёму грунтавых вод станцыі метрапалітэна давялося размяшчаць усяго на глыбіні дзесяць – сямнаццаць метраў. Каб не пашкодзіць архітэктурны ансамбль Мінска, пракладку тунэляў і будаўніцтва станцый прыйшлося весці з высокай ступенню дакладнасці. Метро было прынята ў эксплуатацыю з выдатнай адзнакай. Спускаючыся ў метро ўпершыню, людзі траплялі літаральна ў падземныя палацы. Кожная станцыя мела свой непаўторны архітэктурны твар. Але галоўнае заключалася ў тым, што была паспяхова вырашана транспартная праблема.
Сучасны Мінскі метрапалітэн складаецца з дзвюх ліній агульнай працягласцю трыццаць пяць з паловай кіламетраў. Сталічная падземка перавозіць больш за семсот тысяч пасажыраў у суткі.
Усе станцыі метро маюць падземныя вестыбюлі, уваход у якія ў большасці выпадкаў сумешчаны з падвулічнымі пешаходнымі пераходамі. Уваходы ў станцыі «Купалаўская», «Кастрычніцкая» і «Плошча Леніна» ўбудаваны ў дамы. У сувязі з невялікай глыбінёй залягання спуск на большасць станцый ажыццяўляецца пры дапамозе лесвічных маршаў. Эскалатары ўсталяваны толькі на дзевяці станцыях. Усе станцыі метрапалітэна абсталяваны радыётэлефоннай сувяззю, а таксама сістэмай відэаназірання з рэгістрацыяй падзей у рэжыме рэальнага часу.
У мастацкім афармленні станцый прысутнічаюць пэўная строгасць, лаканізм, нацыянальныя матывы. У архітэктурным афармленні сучасных станцый выкарыстоўваюцца прыродныя матэрыялы (граніт, мармур) у спалучэнні са шклом, металам, металакерамікай. Пры гэтым станцыі адрозніваюцца танальнасцю апрацоўчых матэрыялаў, у сувязі з чым ствараюць розныя настроі. Афармленне станцый абумоўлена мастацкай прывязкай да месца, дзе яна знаходзіцца. Напрыклад, побач са «Спартыўнай» размяшчаецца Лядовы палац – адсюль тэма зімы ў афармленні станцыі. Яе інтэр’ер вытрыманы ў халодным каларыце колераў: белы мармур калон, блакітная столь, сцены з нержавейкі. Інтэр’ер станцыі «Кунцаўшчына» выкананы ў сонечнай, вохрыста-залацістай гаме. У выніку ствараецца атмасфера цёплага восеньскага дня.
Пры распрацоўцы інтэр’ера «Каменнай Горкі» выкарыстаны камп’ютарныя тэхналогіі трохмернага мадэлявання, якія дазволілі падабраць яркія дэталі афармлення, дасягнуць гармоніі колераў і святла.
Сёння Мінскі метрапалітэн – найбольш камфартабельны, экалагічна чысты і самы папулярны від гарадскога пасажырскага транспарту беларускай сталіцы.
(492 слоў)
Паводле А. Кузьміна.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Мінская ратуша
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Робяць гораду нутро
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - У метро