Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Мянтуз
Вольнымі днямі, калі Міколкаў бацька адпачываў і не ездзіў на паравозе, Міколка з бацькам ішлі на рэчку, якая працякала недалёка ад станцыі. Тут лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур, часам пападаўся дробны сом. А больш за ўсё лавіліся плоткі. Цэлымі стайкамі хадзілі яны пад лазовымі кустамі, пабліскваючы на сонцы срэбнай луской. Толькі знай закідвай вудачку.
Неяк у вольны дзень пайшлі рыбу лавіць на раку. Хоць дзед і не меў асаблівай прыхільнасці да гэтага занятку, але паколькі ён быў вольны і хацелася яму крыху прайсціся, дык і далучыўся да рыбаловаў. Тыя ў вадзе плёскаюцца, а дзед на беразе сядзіць ды парады дае.
Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. I намацаў тут бацька няйначай як ментуза. Вядома, мянтуз слізкі, цяжка яго рукамі ўзяць. Бацька Міколку на дапамогу клікнуў. Ловяць рукамі, між карчоў шаруюць.
Але як ты яе ні бяры, выслізгваецца, ды годзе. Выслізгваецца ад Міколкі, падаецца пад карчом да бацькі. Ад таго зноў назад.
Бацька яшчэ спрытней бярэцца за ментуза. Але нічога не выходзіць. А дзеда тут ужо і нясцерп бярэ, дужа ж тым ментузом зацікавіўся. Трэба-такі сказаць, што дзед падабаў рыбу, ды яшчэ такую, як смажаны мянтуз.
I вось аж усхадзіўся на беразе дзед, забегаў. I піпка ў яго даўно патухла, знае толькі – рукамі махае ды нашых рыбаловаў ушчувае:
– Яшчэ рыбаловы! Ім рыбу! Вам толькі прусоў ганяць!
– Сам злаві, – усердаваў тут не на жарты бацька.
– I злаўлю!
I дзед самым рашучым чынам скінуў адзежу і, павесіўшы яе на плечы – баяўся пакідаць на беразе, каб не скралі пастушкі, – смела рушыў у ваду.
Аж Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці – дзед так захадзіўся каля карча, аж вада кіпела наўкола. I вось урэшце дзед урачыста крыкнуў:
– Ага! Папаўся-такі, не мінуў маіх рук! А вы – няўмекі!
Міколку з бацькам засталося толькі пераглянуцца між сабой. Ну і дзед, не чакалі такога спрыту! Магчыма, што дзеду з яго кастлявымі пальцамі было зручней упраўляцца з ментузом, таму хутчэй і падчапіў яго. Дзед цягнуў ментуза надзвычай марудна. Мо проста з-за асцярожнасці, каб не ўпусціць часам рыбіну, а мо знарок хацеў надалей расцягнуць такую ўрачыстую хвіліну.
Вось пад вадой паказалася ўжо нешта жывое. Міколка хацеў ужо крыкнуць, што няйначай гэты мянтуз будзе фунтаў з пятнаццаць, бо такі ж вялікі. Але тут падзеі прынялі зусім нечаканы зварот. Толькі гэта дзед, урачыста гледзячы на Міколку, вывалак свайго ментуза з вады, як глянулі на яго Міколкаў бацька ды і сам Міколка і, як бачыш, сіганулі на бераг. Толькі пырскі паляцелі па вадзе. Аж збялеў Міколка, засопся. Выскачыў на бераг, азірнуўся. Стаіць дзед і на іх глядзіць, дзівуецца, не разумеючы, чаго яны драпака далі.
Зірнуў тады дзед на свайго ментуза – і ледзь не самлеў. Аж прысеў у вадзе, умачыўшы сарочку. А тады як кіне ментуза падалей у рэчку ды як дасць драпака на бераг, аж адзенне згубіў, спатыкнуўшыся аб корч. Паплыло яно ўрачыста па рацэ. Ледзь злавіў яго потым Міколка, ад’ехаўшы на чаўне ад берага.
I калі аддыхаліся потым усе ад перапуду, дзед пачаў грозны наступ на Міколку і на яго бацьку:
– I якое ліха панесла вас вужаку лавіць?
Змоўчаў дзед на якую хвіліну. Гэтакі ж канфуз выйшаў – усё ішло так добра і гладка, і на табе, заместа ментуза гада злавілі. А яшчэ парады даваў, а яшчэ выхваляўся. Пасля гэтага здарэння дзед канчаткова рашыў ніколі болей у ваду не лазіць. I калі траплялася часамі Міколку з бацькам лавіць якую рыбіну ў рацэ, дзед асцерагаўся нават падыходзіць блізка да іх, калі яны выцягвалі на бераг таптуху альбо брэдзень.
Прызнацца, і Міколка з бацькам не адважваліся болей мацаць ментузоў і, да вялікай радасці дзеда, баяліся лазіць і па ракавых пячорах.
(596 слоў)
Паводле М. Лынькова.
Похожие статьи:
Міхась Лынькоў → Міхась Лынькоў - Міколка-паравоз
Міхась Лынькоў → Міхась Лынькоў - Над Бугам