Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Мурашнік

   Некалі мурашнік, які вырас ля самай лясной сцяжынкі, быў такі маленькі, што не закрываў нават пянька. Але паступова рудая горка большала. Дробненькія, але дужыя і ўпартыя стварэнні з усяго наваколля безупынна сцягвалі сюды патрэбны будаўнічы матэрыял, і хутка горка заняла ўсю сцяжыну.
   Чалавек прыпаў на адно калена, схіліўся, стаў назіраць. Мураш трымаў перад сабою трэсачку, большую за яго ў пяць разоў. Тузаўся то ў адзін, то ў другі бок, але, здавалася, не пасоўваўся ні на крок. Праз хвіліну чалавек зноў паглядзеў сабе пад ногі і не ўбачыў мураша. Светлая трэсачка варушылася каля самага падножжа рудога конуса.
   З аднаго боку мурашніка людзі вытапталі дугу. Пройдуць, абмінаючы перашкоду, тупнуць нагой, страсаючы мураша, адфутболяць сухую шышку – і абходны шлях пазначаны.
   Мурашоў, праўда, нічога, акрамя сваёй справы, не хвалявала. Яны цягнулі да горкі зялёных вусеняў, чорных жучкоў, белых лічынак.
   Аднойчы на мурашоў абрушылася бяда. Яна мела выгляд вузкіх веласіпедных колаў з чорнымі пакрышкамі. Першы веласіпедыст угледзеў наперадзе перашкоду і набраў разгон, каб не завязнуць у рыхлай горцы. След у след праляцеў другі. Трэці імчаў крыху воддаль. Ён прытармазіў і абагнуў жытло мурашоў, разрэзанае на дзве паловы. Чацвёртым ехала малое дзіця. Адолець мурашнік яно не здужала і мякка апусцілася на яго левую палову. Заенчыла, згрэбла падэшвамі тое, што па крупіцах збіралі маленькія будаўнікі, адскочыла, пачало пад смех старэйшых выцягваць веласіпед, руйнуючы правую палову конуса.
   Параскіданыя мурашы хапаліся за бліжэйшы кавалачак галінкі ці за трэсачку і цягнулі да горкі, нібыта нічога не здарылася.
   Стары чалавек схадзіў па сякеру, высек і завастрыў чатыры бярозавыя слупкі, убіў іх вакол мурашніка, пасля прыбіў да слупоў альховыя жардзінкі. Атрымалася агароджа.
   Прайшоў час. Той самы чалавек наведаўся да мурашніка I, калі ўбачыў яго, знямеў. Жытло ўпартых насякомых не толькі вярнула сабе правільную форму конуса, але і прыкметна пабольшала. Вяршыняю мурашнік даставаў чалавеку да пояса. Аднак агароджа з аднаго боку аказалася паламанай, канцы жэрдак хаваліся ў мурашніку. Стары вырашыў, што веласіпеду такую жэрдку не адолець, і зрабіў вывад: «На матацыкле нехта ўлез». Ён ужо намерыўся выцягнуць абломкі, але спахапіўся. Ці варта зноў варушыць адбудаваную другім разам хату? Пакінуў так, як было.
   Пасля гэтага ў старога былі яшчэ дзве сустрэчы з мурашнікам. Першая адбылася праз год. Тады чалавек праслязіўся, бо ўбачыў, што горка зноў здорава пацярпела. Хату мурашоў прыціснуў да зямлі шырокім колам трактар. Рэшткі таго, што нядаўна называлася агароджаю, валяліся навокал. Стары сабраў іх і кінуў пад хвою. Пасля моўчкі пастаяў, павярнуўся, цяжка ўздыхнуў і паволі пайшоў па сцежцы.
   У апошнюю сустрэчу чалавека з мурашамі адзіны слупок, які ўцалеў ад наезду трактара, цяпер ледзь вытыркаўся з горкі. Яна зноў мела правільную форму конуса і вырасла настолькі, што вяршыня раўнялася з плячыма чалавека.
   Старому падалося, што знішчыць або спыніць мурашоў не можа ніякая сіла. Ён падумаў, што мурашы сваёю абыякавасцю да зла, якое чыняць ім людзі, дэманструюць сваю пагарду да іх.
(459 слоў)

Паводле А. Крэйдзіча.

Похожие статьи:

ПераказыЁрчыкаў слуп

ПераказыБаравы мёд