Помнікі архітэктуры старажытнага Нясвіжа даюць магчымасць прасачыць, як з’явілася і развівалася ў Беларусі барока.
Пасля Люблінскай уніі 1569 года, якая злучыла Вялікае княства Літоўскае і Польшчу ў адзіную дзяржаву – Рэч Паспалітую, Нясвіж зрабіўся месцам жорсткай рэлігійнай барацьбы. Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка выгнаў з горада пратэстантаў, паводле яго ўказання сталі будавацца каталіцкія храмы.
З Рыма ў Рэч Паспалітую прыбыў архітэктар Ян Марыя Бернардоні – вучань італьянскіх дойлідаў Джакома Порта: ён прымаў удзел у будаўніцтве праслаўленай царквы Іль Джэзу ў Рыме. Сіротка запрасіў Бернардоні ў Нясвіж – па праектах італьянскага дойліда былі ўзведзены замак, касцёл і калегіум езуітаў.
Адначасова пачалася перабудова ўсяго горада: па апошняму слову еўрапейскай тэхнікі Нясвіж быў абведзены валамі і бастыёнамі. Размяшчэнне вуліц, плошчаў, новых будынкаў падпарадкоўвалася задачам абароны, да нашых дзён захаваліся два такія збудаванні – Слуцкая брама і вежа Замкавай брамы.
Адзін з найцікавейшых архітэктурных помнікаў Нясвіжа – сярэдневяковы феадальны замак; ён з часам, пасля некалькіх перабудоў, ператварыўся ў палацава-замкавы ансамбль. У ім змяшчалася мноства розных стыляў, што сведчыць аб выкарыстанні мастацкіх дасягненняў розных гістарычных эпох.
(168 слоў)
Паводле К. Шышыгінай-Патоцкай
Похожие статьи:
Аляксей Дудараў → Аляксей Дудараў - Чорная панна Нясвіжа
Пераказы → Нясвіжскія загадкі
Пераказы → Нясвіжскі палац
Пераказы → Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс
Пераказы → Дуб і сасна