Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс

   У Нясвіжскім палацава-замкавым комплексе спалучаюцца разнастайныя архітэктурныя стылі. Гэта робіць комплекс унікальным помнікам архітэктуры, які ўвабраў у сябе мастацкія дасягненні самых розных гістарычных эпох.
   Будаўніцтва мураванага замка пачалося ў 1583 годзе па ініцыятыве тагачаснага дзяржаўнага і культурнага дзеяча Мікалая Радзівіла Сіроткі. Мікалай Сіротка надоўга пасяліўся ў Нясвіжы і паставіў за мэту стварыць тут княжацкую рэзідэнцыю. Беларускія магнаты любілі акружаць сябе раскошай, а магнацкі род Радзівілаў быў адным з самых багатых у Еўропе. У галоўнай рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы захоўваліся галерэя партрэтаў вядомых людзей, дарагая зброя. У замку таксама размяшчалася багатая бібліятэка. Вядома, першапачаткова ў Нясвіжы існаваў драўляны замак, пра які неаднаразова згадваецца ў розных пісьмовых крыніцах. Новы мураваны замак меў форму чатырохвугольніка і вылучаўся магутнымі, надзейнымі абарончымі збудаваннямі. Ён быў акружаны высокім земляным валам з бастыёнамі і шырокім ровам з вадой. Абарончыя збудаванні Нясвіжскага замка былі зроблены ў італьянскіх традыцыях. За ўмацаваннямі размяшчаліся асобныя мураваныя карпусы і ўязная брама. Цэнтральны корпус быў прамавугольны, трохпавярховы, з васьміграннымі вежамі. Справа ад брамы быў узведзены новы будынак – камяніца, да якой прымыкала высокая дазорная вежа. Цэнтральныя ўваходы былі ўпрыгожаны гербамі.
   Падчас ваенных дзеянняў Нясвіжскі замак значна пацярпеў і Доўгі час знаходзіўся ў запусценні. Толькі ў XVIII стагоддзі на тэрыторыі замка пачаліся будаўнічыя работы, у выніку якіх замак быў адноўлены. Асобна размешчаныя карпусы былі аб’яднаны ў адно цэлае.
   З XVIII стагоддзя ў асноўных сваіх рысах палац захаваўся да нашага часу. Замак стаў уяўляць сабой замкнёны комплекс карпусоў з вялікім унутраным дваром. Яго форма не мае выразнай геаметрычнай формы. Увесь комплекс характарызуецца несіметрычнасцю, што з’явілася вынікам яго шматэтапнага будаўніцтва. Цэнтральны корпус з’яўляецца галоўным ва ўсім ансамблі. Ён выразна вылучаецца сваім архітэктурным рашэннем. З унутранага двара корпус выглядае таксама надзвычай прыгожым дзякуючы арганічным скульптурным устаўкам і іх мастацкаму афармленню. На галоўным фасадзе замка месцілася карцінная галерэя. На ніжнім паверсе размяшчаліся службовыя памяшканні, на верхнім былі княжацкія пакоі. Злева і справа ад замкавай брамы знаходзіліся комплексы жылых і гаспадарчых пабудоў.
   З часам Нясвіжскі замак страціў свае першапачатковыя рысы і істотна змяніў аблічча. Новыя будынкі надалі яму выгляд свецкага палацава-замкавага комплексу. Абарончыя мэты збудавання адышлі на другі план.
   Пасля вайны 1812 года замак прыйшоў у заняпад з-за адсутнасці гаспадароў і пачаў аднаўляцца толькі тады, калі быў вернуты Радзівілам. У гэты час пачалася закладка знакамітага паркавага комплексу, аднаго з найлепшых ва ўсёй Усходняй Еўропе.
   У 2001 годзе будынкі замка былі перададзены гісторыка-музейнаму запаведніку "Нясвіж". З таго часу пачалася актыўная рэканструкцыя помніка. Сёння Нясвіжекі замак уяўляе сабой адзін з найважнейшых турыстычных аб’ектаў Беларусі, які штодзень наведваюць сотні, а то і тысячы людзей. Нясвіжскі замак уключаныў спіс помнікаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Сёння ён з’яўляецца і вядомым культурным цэнтрам краіны.
   Наведвальнікі Нясвіжскага замка захапляюцца яго архітэктурай, раскошай. Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс горда ўзвышаецца над наваколлем, беражліва захоўвае памяць стагоддзяў, дэманструе моц і веліч сённяшняй Беларусі.
(455 слоў)

Паводле Н. Матусевіч.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палац

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Чорная панна Нясвіжа

Пераказы, дыктантыАд Калкі да Нясвіжа

Пераказы, дыктантыДуб і сасна

Пераказы, дыктантыНясвіжскія загадкі