Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Матчын падарунак

Ёсць матчына любоў.
Яна нам свеціць
I ў блізкай, і ў далёкай старане...

Ю. Свірка.


   У Толіка сёння дзень нараджэння. Дваццаць гадоў споўнілася.
   Прыемна было б, каб сёння, як толькі ён прыйдзе ў цэх, акружылі яго рабочыя і сціпла, па-мужчынску павіншавалі. Каб майстар Антон, з якога трэба абцугамі словы выцягваць, таксама падышоў да Толіка, паціснуў руку і ўсміхнуўся. Толькі гэтага не будзе па той простай прычыне, што ніхто не ведае, якая сёння ў Толіка дата.
   Дзень прайшоў звычайна. Калі Толік выйшаў за прахадную, то задумаўся, куды сябе падзець, чым заняцца. У пустую кватэру ісці не хацелася. Што там рабіць? Можа, у кіно падацца? Але сеанс толькі што пачаўся, а да наступнага амаль дзве гадзіны. А можа, дадому з’ездзіць? Заўтра выхадны дзень. А дома добра: выспішся ўволю на духмяным сене, маці смачных аладак напячэ. Толік канчаткова вырашыў паехаць у вёску і пакрочыў на аўтобусную станцыю.
   Дома яго, як заўсёды, з вясёлым брэхам сустрэў Рудзік. Скуголіў, круціўся вакол, скакаў яму на грудзі, стараючыся лізнуць твар, нібы ведаў, які сёння вялікі дзень у яго сябра.
   Маці парадкавала ў хляве. Толік прытуліўся да веснічак і задумаўся. Яму раптам стала не па сабе ад той думкі, што ён, быццам госць, прыязджае ў сваю вёску, у родны дом. I навошта было ехаць у той горад? Хіба ў калгасе не было працы? Жыў бы зараз у бацькоўскай хаце. I маці лягчэй было б. А то гадавала, гадавала дзяцей, а прыйшоў час – і пагаварыць няма з кім.
   Нарэшце маці выйшла з хлява, паставіла ля калодзежа вядро і пачала мыць рукі. Угледзеўшы сына, усміхнулася, запрасіла ў хату. Там смачна пахла свежым хлебам, яблыкамі і яшчэ нечым родным, даўно-даўно знаёмым. Толік патупаў хвіліну каля стала, абвёў вачыма пакой, нібы шукаў змен, потым распрануўся.
   Маці сказала:
   – Рэдка прыязджаеш, сынок. Калі б ты сёння не прыехаў, я пакрыўдзілася б.
   Яна заслала белым абрусам стол, выняла з печы вялікую патэльню з яечняй, прынесла свежых агуркоў, талерку духмянага мёду. Потым падалася да скрыні, выняла адтуль ці то хустку, ці то нешта іншае, беражліва паклала Толіку на плячо і ціха сказала:
   – Гэта твая, сынку. Дваццаць гадоў берагла.
   У Толіка на плячы ляжала дзіцячая кашулька. Ён асцярожна ўзяў яе ў рукі і пачаў разглядаць. Кашулька была маленькая, нібы ляльчына сукенка. Унізе матчынай рукой быў вышыты чырвонымі ніткамі немудрагелісты ўзор, каўнерык і рукавы абрамлялі вузенькія каруначкі. I вышыўка, і матэрыял ад мыцця і часу крыху пацямнелі. Толіку было і смешна, і радасна. Яму ніяк не ўдавалася ўявіць сябе ў такой маленькай кашульцы.
   «Гэта ж трэба! Такі сюрпрыз!» – расчулена думаў ён. Сэрца напоўнілася цеплынёй і пяшчотай, і Толік, як у далёкім дзяцінстве, раптам прыпаў да матчынага пляча.
   Як добра, як прыемна было маці! Бо даўно-даўно яна не абдымала яго, не гладзіла гэтыя віхрастыя валасы, бо сын саромеўся такіх пачуццяў. А вось зараз не пасаромеўся.
   I доўга яшчэ стаялі яны, прытуліўшыся адзін да аднаго, такія родныя, такія блізкія людзі.
(457 слоў)

Паводле А. Цяжкага.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЦудоўная пара

Пераказы, дыктантыКрынічка