Масленіца – старажытнае свята, яно ўзнікла ў нашых продкаў задоўга да хрысціянства і сімвалізавала сабою культ прыроды, адраджэнне плодных сіл зямлі. Першапачаткова свята звязвалася з днём вясновага сонцазвароту, але з прыняццем веры ў Хрыста цяпер яно папярэднічае Вялікаму посту. Сёння яно не мае ў народным календары канкрэтнай даты, а пачынаецца за восем тыдняў да Вялікадня. Свята працягваецца роўна тыдзень і яшчэ завецца Сырным тыднем, Сырніцай, таму што асноўнай ежай у гэтыя дні, апроч рыбы, масла, малака і яек, з’яўляецца сыр.
З прыняццем хрысціянства адным з цэнтральных момантаў Масленіцы стаў чацвер. У гэты дзень жанчыны з самага ранку завіхаліся каля печы, гатавалі багатыя стравы, пяклі бліны. Першы блін прызначаўся продкам, яго клалі на дахавае акенца.
На свята распальвалася вогнішча, вакол яго моладзь вадзіла карагоды, спявала масленічныя песні. У многіх мясцовасцях вешалі арэлі, прывязаўшы доўгую вяроўку да сука дрэва, і гушкаліся на іх.
У масленічныя дні, асабліва ад пятніцы да нядзелі, аб’язджалі вакол вёскі маладых коней, быкоў і валоў, якія дасягнулі трохгадовага ўзросту. Пры гэтым уся вупраж упрыгожвалася рознакаляровымі стужкамі, на дугу прыбіваліся званочкі. Дбайныя гаспадары на Масленіцу абнаўлялі сані. Новыя сані яны зацягвалі на горку, на сані садзілася чалавек дваццаць. І сані ляцелі з гары. Верылі, што толькі такія сані і будуць потым лёгкія на хаду. У такіх гуляннях захаваліся рэшткі старажытнай магіі. Па павер’ях, чым з вышэйшай горкі з’едуць сані, тым вышэйшым вырасце лён. Аб’ездамі на маладых конях і валах вакол вёскі выганялі, згодна з вераваннямі, нячыстую сілу. Гэтаму садзейнічалі гукі званочкаў. Гушканне на арэлях, як верылі, спрыяла росту раслін, а паветра ў час гушкання павінна было надзяліць чалавека моцным здароўем.
Шмат дзе на Беларусі ў суботу перад Сырным тыднем людзі хадзілі на могілкі і прыводзілі да ладу магілы сваякоў.
Сырны тыдзень заканчваўся тым, што члены сям’і прасілі адзін у аднаго прабачэння за ўсе магчымыя крыўды і грахі.
(298 слоў)
(Паводле І. Клімковіч)
Похожие статьи:
Юрась Свірка → Юрась Свірка - Свята
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Сакавік
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Цудоўныя святы
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Свята настаўніцы
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Ёлка