Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Марозным вечарам

   Мароз браўся за дваццаць. Я пераходзіў мост на вуліцы Янкі Купалы. З ракі моцна пацягнула рэзкім сіверам – і людзі пачалі настаўляць каўняры, подбегам абмінаючы адзін аднаго. І толькі два хлопцы-школьнікі, як павялося цяпер, без шапак, у лёгкіх модных паліцечках, ішлі перада мною, не прыбаўляючы кроку, і ўсё пахвальвалі бадзёрае надворайка. Аднак час ад часу то адзін, то другі рабіў нядбалы рух, быццам папраўляючы зашаранелыя валасы, і неўзаметку праводзіў рукою па вуху. Нарэшце ім надакучыла прыкідвацца трывалымі і сур’ёзнымі, і яны пабеглі, падкоўзваючыся на выслізганых да бляску лапінах тратуараў.
   Я ўбачыў хлопцаў зноў, перайшоўшы скрыжаванне за скверам. Там ляжаў нетаптаны снег і пахлі журавінавым сокам ахаладалыя дубы і ліпы. Хлопцы стаялі каля ліхтарнага слупа і пазіралі, задраўшы галовы, угару.
   – Ціха! – зашыкалі яны на мае рыпучыя крокі. – Зараз другі палезе.
   Нічога не цямячы, я таксама задраў галаву ў надзеі што-небудзь убачыць і зразумець, што так зацікавіла хлопцаў. Уверсе, на самым краёчку ліхтара, сядзеў, падціснуўшы крыльцы, верабей і выцягваў шыю, хочучы зазірнуць падыспад, пад эмаліраваны кружок, дзе гарэла лямпа.
   Толькі я хацеў пацікавіцца, хто і куды мае лезці, як хлопцы парушылі маўчанне і запляскалі ў ладкі. Я падняў вочы, але вераб’я на старым месцы ўжо не было.
   – Куды ж ён дзеўся?
   Хлопцы глядзелі на мяне з відавочным жалем:
   – Няўжо не заўважылі?
   І зноў утаропіліся на ліхтар, а я пачаў уважліва разглядаць яго. Шкляной накрыўкі на ім не было, і лямпа звісала на провадзе, не ўваходзячы ў штампаванае гняздо. Адчыняўся невялічкі, але, як на вераб’іную камплекцыю, зусім прыдатны лаз у сярэдзіну, пад металічны каўпак.
   Вось яно што! Там было зацішна і, напэўна, цёпла ад лямпы, ва ўсякім разе куды больш прытульна, чым пад намёрзлым дахам недалёкага опернага тэатра...
   У адказ на маю здагадку з адтуліны каўпака высуналася рудаватая галоўка. Верабей, нібы запрашаючы на начлег, ціўкнуў і сам схаваўся.
   Гэта і праўда было запрашэнне. З абкіданага снегам дрэўца на ліхтар узляцеў другі верабей, і, пасядзеўшы крыху на беражку, ён шмыгнуў пад каўпак.
   – Усё! – гукнулі хлопцы. – У гэтай гасцініцы месцаў больш няма.
(328 слоў)

Паводле М. Лужаніна

 

Похожие статьи:

Цішка ГартныЦішка Гартны - Зімовы вечар

Пераказы, дыктантыАер

Пераказы, дыктантыПрывакзальная плошча

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - Мароз

Янка КупалаЯнка Купала - Мароз