Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мара здзейсніцца

   Андрэя Касцяневіча жыццё не вельмі шанавала. Бацька яго загінуў на фронце, а ў маці, акрамя Андрэя, было яшчэ двое малодшых дзяцей – Барыс і Наста.
   Сярэднюю школу Андрэй канчаў з-за вайны ўжо сталым хлопцам. Яшчэ ў дзевятым класе ён пачаў думаць пра вышэйшую адукацыю. Андрэй з маленства цікавіўся тэхнікай і мог цалюткі дзень прастаяць у калгаснай кузні, наглядаючы, як працуюць кавалі. У школьным гуртку юных тэхнікаў ён быў самы старанны, ніхто не мог зрабіць такой мадэлі, як Касцяневіч. Таму і марыў Андрэй паступіць у Мінскі політэхнічны інстытут. Ён зжыўся з гэтай марай і не мог уявіць, што яна не здзейсніцца. Хлопец дзяліўся ёю з маці і найлепшымі таварышамі.
   Аднойчы Андрэй затрымаўся ў школе і прыйшоў дадому пазней, чым звычайна. Ён здзівіўся, калі ўбачыў, што ў кухні замест маці гаспадараць Барыс і Наста і выгляд у абодвух вельмі засмучаны. Андрэй адразу зразумеў, што дома нешта здарылася. Ён кінуўся да маці. Яна ляжала ў пакоі, схуднелая за адзін дзень, з запалымі вачыма. Андрэй пабег на конны двор, каб завезці маці ў бальніцу.
   ...Вярнулася з бальніцы яна праз тры тыдні, пастарэлая настолькі, што цяжка было пазнаць. З жалем зірнуў Андрэй на яе і зразумеў, што павінен замяніць маці, каб трымаць сям’ю, таму думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Думкі пра інстытут цяпер прыносілі не радасць, а боль у душы. Андрэй стаў невясёлы і задуменны. Дома ён старанна браўся за гаспадарчыя справы, бо хацеў не толькі замяніць маці, але і адагнаць цяжкія думкі.
   Надыходзілі экзамены. Выпускнікі ўслых марылі пра будучае, сачылі за аб’явамі ў газетах, выбіралі навучальныя ўстановы. Андрэя гэта так хвалявала, што ён не знаходзіў сабе месца, сэрца яго не раз шчымела ад крыўды на жыццёвыя акалічнасці.
   Хлопец вельмі здзівіўся, калі яго аднойчы выклікаў дырэктар школы. Пасля заняткаў Андрэй зайшоў у настаўніцкую. На запрашэнне сесці нават не падзякаваў, а механічна прысеў на першае крэсла і прыгнечана нахіліў галаву.
   – Што з вамі, Андрэй? – запытаў дырэктар. – Чаму вы ходзіце сумны, заўсёды гледзіцё пад ногі, нібы нешта згубілі? I з адзнакамі стала ў вас горш. Я спадзяваўся, што ў вас будзе залаты медаль.
   Андрэй здзіўлена зірнуў на дырэктара і ціха сказаў:
   – Нічога, Антон Сцяпанавіч. Мне не прыйдзецца паступаць далей... Маці нядужая. На каго я кіну сям’ю?
   Дырэктар задуменна паглядзеў на Андрэя, крыху памаўчаў, потым усміхнуўся аднымі вачыма і запытаў:
   – А хіба нельга вучыцца завочна, Андрэй? Ды яшчэ з вашымі здольнасцямі!
   Гэтыя словы, як сонечныя промні ў хмурны дзень, асвятлілі Андрэя. Яго ахапіла радасць, ён забыўся, што знаходзіцца ў кабінеце дырэктара. Шпаркім рухам Андрэй ускочыў з крэсла, нібы дзіця, якому падарылі нешта дарагое і доўгачаканае. Дырэктар глядзеў на яго і таксама шчасліва ўсміхаўся.
(427 слоў)

Паводле А. Чарнышэвіча.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыВаськава мара

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - У горадзе мары

Пераказы, дыктантыЗапаветная мара

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - Дзіўны горад

Пераказы, дыктантыЛялечка