Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Маленькі вырай

Варыянт 1 (242 словы)

   Жэня ішоў па лесе з трапяткім хваляваннем і ў думках падыходзіў ужо да высокага трухлявага пня, зламанага бурай, аглядаў яго, абмацваў, як некалі ў маленстве.
   Калісьці хлопец змайстраваў у гэтым пні ладнае дупло, кожную вясну старанна падпраўляў яго, і аднойчы там пасялілася маленькая сінічка. Калі Жэня падыходзіў да пня з дуплом і зазіраў у дзірачку, на яго, сцяўшыся і прытаіўшыся, паглядала прыжмураным вокам маленькае жывое шчасце. Асцярожная сінічка выпырхвала з дупла толькі тады, калі хлопец крыху адыходзіў, і залівалася такім звонкім шчабятаннем, нібы другі раз на свет нарадзілася. З таго дупла, як з чароўнага рукава, у адзін прыгожы дзень Жэня выпускаў на волю шаснаццаць маладзенькіх птушачак. Былі гады, што і па два разы рабіў ён гэты свой маленькі вырай.
   Неяк халодным, наскрозь прамжэлым днём Жэню штосьці павяло ў лес. Хлопец падышоў да дупла – і нібы хто нядобры знячэўку хвастануў нечым па твары. Параскіданыя, у мокрым крапіўніку жаласна і квола ціўкалі зусім яшчэ голыя і няўклюдныя птушаняты.
   «Хто ж павыкідваў іх?» – ашаломлена думаў Жэня.
   А дупло было цэлае! Хлопец адарваў ад яго прыстаўлены кавалак кары. З гнязда на яго глядзела незнаёмая птушка з чырвоным ротам. Гэты рот быў такі вялізны, нібы збіраўся праглынуць чалавека. Жэня выграб тую птушку з чырвоным ротам у крапіву, а маленькіх голых птушанят, пазбіраўшы, пасадзіў назад у гняздо.
   Тым летам таксама быў прыгожы сонечны дзень, і Жэня рабіў свой чарговы маленькі вырай. А зязюля пасля таго ні разу ўжо не прыносіла ў Жэнева дупло сваіх нахабных падкідышаў.
 


 

Варыянт 2 (220 слоў)

   Я ішоў па лесе з трапяткім хваляваннем і ў думках падыходзіў ужо да высокага трухлявага пня, зламанага бурай.
   Аднойчы я змайстраваў у гэтым пні дупло, кожную вясну старанна падпраўляў яго, і там пасялілася маленькая сінічка. Калі я падыходзіў да пня, зазіраў у дзірачку, а адтуль на мяне, сцяўшыся і прытаіўшыся, паглядала маленькае жывое шчасце. Сінічка выпырхвала з дупла толькі тады, калі я адыходзіў, і залівалася такім шчабятаннем, нібы другі раз на свет нарадзілася. З таго дупельца, як з чароўнага рукава, у адзін прыгожы дзень я выпускаў на волю шаснаццаць маладзенькіх птушачак. Былі гады, што і па два разы рабіў я свой маленькі вырай.
   Неяк халодным, наскрозь прамжэлым днём мяне штосьці павяло ў лес. Падышоў да дупла – і нібы хто нядобры знячэўку хвастануў нечым па мне. У мокрым крапіўніку жаласна і квола ціўкалі зусім яшчэ голыя і няўклюдныя птушаняты.
   «Хто ж павыкідваў іх?» – ашаломлена думаў я.
   А дупло было цэлае! Я адарваў ад яго прыстаўлены кавалак кары – з гнязда на мяне глядзела птушка з чырвоным ротам. Гэты рот быў такі вялізны, нібы збіраўся мяне праглынуць. Я грэбліва выграб той чырвоны рот у крапіву, а маленькіх голых птушанят, пазбіраўшы, пасадзіў назад у гняздо.
   Тым летам таксама быў прыгожы дзень, і я рабіў свой чарговы маленькі вырай. А зязюля пасля таго ні разу ўжо не прыносіла ў дупло сваіх нахабных падкідышаў.

Паводле І. Кірэйчыка

 

Похожие статьи:

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

ПераказыПтушкі шчасця