Невядома, калі аблюбавалі таполю буслы, але кожны год на Звеставанне яны прылятаюць сюды. Абжываюць ахалоджанае за зіму гняздо.
Усё лета Міхась назіраў, як буслы шчыравалі над сваім жытлом. А калі вылупіліся з яек іх дзеткі, бусліха не пакідала гнязда. Адзін бусел штодзень снаваў туды-сюды: прыносіў жабак, мышэй і гадзюк.
Наступіў жнівень – пара падрыхтоўкі буслоў да адлёту ў вырай. Два маладыя буслы стаялі на ўскрайку гнязда, раз-пораз узмахвалі крыламі, а паляцець баяліся. Урэшце адзін з іх адважыўся. Ён праляцеў над таполяй і каменем пачаў падаць на агарод. У адно імгненне буслік стукнуўся аб зямлю. Заціх, потым устрапянуўся, узняўся і паволі пераляцеў невысокі плот.
Непадалёку сядзела на лаўцы пажылая суседка Валянціна. Міхась падышоў да жанчыны.
– Я ні разу не бачыла, каб ужо апераны бусел падаў з гнязда на зямлю, – сказала суседка. – Відаць, ён быў недакормлены. Гарачае было лета. Не хапіла на нашым поплаве жабак. Мне здаецца, што гэты буслік не даляціць да выраю, недзе прыб’ецца зімаваць да людзей.
– Няхай бы. Людзі нашыя добрыя. Я нават сам узяў бы яго да сябе. Ён жа нарадзіўся на маёй серабрыстай таполі, – Міхась высока ўзняў галаву на шумлівую крону, а потым прыязна глянуў на суседку. Яна, як і Міхась, перажывала за бусліка.
Буслы і людзі вельмі блізкія. Буслы жывуць побач, па-суседску і, як апавядаюць казкі, прыносяць шчаслівым бацькам у чырвонай дзюбе дзяцей.
(220 слоў)
Паводле Я. Хвалея
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Птушкі шчасця
Пераказы, дыктанты → Сойка (Паводле У. Ягоўдзіка)
Пераказы, дыктанты → Абед у мяцеліцу
Пераказы, дыктанты → Ляцяць, ляцяць крылатыя вешчуны
Пераказы, дыктанты → Бясхвосты шпак