Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ліпа (Паводле В. Карамазава)

   Калі вяртаўся ад Слаўкі дадому, сцежкаю сышоў да ручая і спыніўся пад магутнай прыгожай ліпаю: кара вакол ствала была знята сякераю, і белы ствол блішчаў на сонцы. Доўгае жыццё ліпы некаму таксама не давала спакою, зрабілі так, каб засохла. Непадалёк стаяла старая жанчына, паглядала то на мяне, то на ліпу. Я падышоў, спытаў, хто і навошта ўчыніў здзек з дрэва. Яна не сказала хто, сказала толькі, што наперадзе зіма, а дровы цяпер дарагія, шмат каму не па кішэні, вось людзі і шукаюць дармавіну, валакуць усё, што без нагляду, хай і чужое, а нічыё, як гэтая ліпа, шмат каму вочы мазоліла, рукі развязвала.
   Перайшоў па масточку ручай, спыніўся зноў пад магутнаю таполяю: стаяла таксама абчасаная сякерай наўкола, да смерці прыгавораная.
   Размаўляючы са старою пад ліпай, звярнуў увагу на тое, што дрэва не толькі стаіць на беразе ручая, як бы і на скрыжаванні вуліц, што на яе з усіх бакоў, знізу і зверху, ад поймы і з пагоркаў, з вышыняў узгорыстай Ганчароўкі глядзяць вокны дамоў, а ў вокнах – твары знаёмыя. З-за ручая на ліпу амаль усё жыццё глядзіць крычаўскі мастак і рыбак Пятро Сцебехаў, з процілеглага берага – вокны Лазарава. А яшчэ бліжэй да ліпы, крокаў дзесяць ад яе, два акны Толі Мядзведзева, былога майго аднакласніка. Алесь Адамовіч тут бываў, і калі ён сядзеў ці стаяў каля дома цешчы, то гэтую ліпу не мог не бачыць, а калі бачыў, то, напэўна, захапляўся яе магутнай прыгажосцю. Як тут было не падумаць, што ліпа жыла-расла на скрыжаванні пачуццяў і думак мастакоў слова і пэндзля. І ці не за гэта яна пакараная той самай Вандэяй, якая не толькі ў сталіцы, але і ў правінцыі, не толькі ў палітыцы, але і ў побыце, – за тое, што натхняла мастакоў на вольныя думкі і вольныя пачуцці?
(287 слоў)

Паводле В. Карамазава

 

Похожие статьи:

ПераказыЛіпка (Паводле А. Пальчэўскага)

ПераказыПад шатамі старых ліп

ПераказыЛіпа (Паводле І. Швед)

Янка ГалубовічЯнка Галубовіч - Красуюць ліпы

ПераказыЛіпа цвіце