Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Ластаўкі бабулі Паўліны
Варыянт 1 (251 слова)
Бабуля Паўліна адчыніла веснічкі на вуліцу і нібы спатыкнулася, пачуўшы тоненькі птушыны галасок. Ён быў ціхі і жаласны, быццам птушанё баялася, каб яго не пачуў сабака ці кот. Галасок ішоў аднекуль знізу, і бабуля Паўліна кінула вокам кругом, перш чым ступіць наперад.
Зямля ля варот была чыстая, кожны каменьчык добра бачны здалёк. Бабуля Паўліна адышла далей ад веснічак, уважліва правяраючы ўсё кругом: зямлю, плот, вароты. І тут вочы яе спыніліся на веснічках, што віселі на тоўстых металічных трубах, нічым не закрытых зверху. Бабуля прытуліла вуха да трубы і пачула не то піск, не то ціхае ціўканне. Відаць, птушанё правалілася ў трубу, само выбрацца не можа, кліча каго-небудзь.
Бабуля Паўліна прынесла табурэтку, асцярожна ўзлезла на яе. Закасаўшы рукаў кофты, паспрабавала дастаць няшчаснае птушанё, але нічога не атрымалася: труба была вельмі глыбокая.
І тут бабуля Паўліна ўбачыла, што над ёй з трывожным крыкам носяцца ластаўкі. Старая вырашыла паназіраць за імі. Адна з ластавак раптам села на беражок трубы. У дзюбе ў яе былі чарвячкі. Ластаўка трошкі пасядзела, потым склала крылле і шуснула ўсярэдзіну. Праз хвіліну птушка вылецела адтуль, а на беражок села другая ластаўка з чарвячкамі ў дзюбе.
Стала зразумела, што птушаняты сядзелі ў гняздзечку, звітым у трубе. З таго дня, ідучы на вуліцу, бабуля Паўліна кожны раз прытуляла вуха да трубы, каб паслухаць галасы ластавянят.
Але аднойчы старая не пачула птушынага ціўкання і перапужалася. Прыслухалася: ціўкаюць, толькі не ў трубе. Бабуля Паўліна падняла галаву. На доўгіх правадах, што беглі ад слупа да слупа, сядзела жаўтаротая сямейка ластавак і перагаворвалася.
Варыянт 2 (163 словы)
Бабуля Паўліна адчыніла веснічкі на вуліцу і пачула тоненькі птушыны галасок. Яна адышла далей ад веснічак, уважліва правяраючы ўсё кругом: зямлю, плот, вароты. І тут вочы спыніліся на тоўстых металічных трубах, на якіх віселі веснічкі. Бабуля прытуліла вуха да трубы і пачула не то піск, не то ціўканне. Відаць, птушанё правалілася ў трубу, само выбрацца не можа, кліча каго-небудзь.
І тут бабуля Паўліна ўбачыла, што над ёй з трывожным крыкам носяцца ластаўкі. Адна з ластавак раптам села на беражок трубы. У дзюбе ў яе былі чарвячкі. Трошкі пасядзела, потым склала крылле і шуснула ўсярэдзіну. Праз хвіліну вылецела адтуль, а на беражок села другая ластаўка з чарвячкамі ў дзюбе.
Стала зразумела, што птушаняты сядзелі ў гняздзечку, звітым у трубе. З таго дня, ідучы на вуліцу, бабуля кожны раз прытуляла вуха да трубы, каб паслухаць іх галасы.
Але аднойчы старая не пачула птушынага ціўкання і перапужалася. Падняла галаву, а на правадах, што беглі ад слупа да слупа, сядзіць жаўтаротая сямейка і перагаворваецца.
Паводле А. Кудраўца
Похожие статьи:
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")