Тры абавязкі ў вясны: па-першае, цемру зімнюю адолець, па-другое, зямлю разбудзіць і адагрэць, па-трэцяе, прыроду ў зеляніну прыбраць. З першым абавязкам сакавік спраўляецца, пра другі ўвесь час красавік дбае, а трэці дастаецца маю.
Якраз у маі, калі заквітнела алешына і ля рэчкі зацвілі чаромха ды фіялкі, Пятрусь прыехаў на Вілію. Рака сустрэла яго ціхім плёскатам хваль, тужлівым крыкам чаек і спевам птушак у хмызняках. Выгінаючы пад сонцам вялізную, бы ў акулы, срэбную спіну, Вілія паказвалася з-за павароту і павольна каціла свае воды між стромкіх берагоў. А паабапал іх узвышаліся ліпы і магутныя дубы-асілкі.
Доўга ішоў Пятрусь берагам. Потым збочыў на круглую, як сподачак, палянку, якая адным бокам датыкалася да ракі, і прысеў на трухлявы пянёк. Густа пахла чаромха, побач дробнымі бела-ружовымі кветкамі цвілі кусты каліны.
Лёгка дыхалася, шчымліва білася ў грудзях сэрца. Але раптам невядома адкуль каля хлопца з’явілася шэрая курапатка, закружылася, рэзка закрычала. Петруся, нібы спружынай, падкінула на ногі. Курапатка закрычала яшчэ мацней, адляцела крокаў на дзесяць і нерухома застыла на месцы. Пятрусь ступіў у бок рэчкі, але птушка, моцна лапочучы крыламі, зноў падляцела да яго, закрычала на ўсю моц свайго голасу. Так паўтаралася некалькі разоў.
«Недзе блізка павінна быць яе гняздо, таму і баіцца яна, адводзіць мяне ад яго», – падумаў Пятрусь пра курапатку і заспяшаўся з палянкі.
У сярэдзіне ліпеня, калі хлопец збіраў каля Віліі чабор і запасаўся ліпавым цветам, зноў завітаў на тую палянку. Вельмі ўзрадаваўся, калі сустрэў там сваю знаёмую шэрую курапатку. А побач з ёй цяпер ужо было шаснаццаць маладзенькіх курапатачак.
(247 слоў)
Похожие статьи:
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Пераказы, дыктанты → Птушкі шчасця