Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Купалава дрэва

   У кожнага чалавека, як і ў кожнага дрэва, ёсць свае карані, ствол, галіны, верхавіна.
   Карані – гэта людзі, з якіх некалі пачаўся сямейны радавод. Ствол – гэта своеасаблівая лесвіца, па якой уздымаюцца ў гісторыю ўсё новыя нашчадкі ад аднаго і таго ж спадчынніка. Галіны – гэта блізкая радня таго, хто трымаецца на стрыжні радаводнага дрэва. А верхавіна – гэта месца самага маладога з усёй радні.
   Радаводнае дрэва звычайна складаецца па мужчынскай лініі. Ім, хлопцам ды мужчынам, прызначана з годнасцю несці па жыцці прозвішчы пачынальнікаў свайго роду, а дзяўчаты, як вядома, у замужжы страчваюць бацькава прозвішча.
   Якое ж радаводнае дрэва ў нашага геніяльнага паэта Янкі Купалы? Хто, якія людзі перадалі яму сваю ўзнёслую душу, дабрыню, мудрасць?
   Продкі нашага славутага песняра насілі прозвішча Луцэвіч.
   Архівісты і даследчыкі змаглі зазірнуць толькі ў сямнаццатае стагоддзе. Яны ўстанавілі, што трыста гадоў назад на Беларусі жыў Станіслаў Луцэвіч. Ён валодаў невялікім маёнткам Кукялёўшчына, быў панам не вельмі важным, але меў званне двараніна і свой сямейны герб. Зямля і хата Станіслава Луцэвіча знаходзіліся на Міншчыне, на тэрыторыі цяперашняга Стаўбцоўскага раёна.
   На другой галіне радаводнага дрэва – трое сыноў Станіслава, адзін з якіх быў у Радзівілаў дазорцам у маёнтку Святы Двор. Гэта Купалаў прапрадзед Іван. Дазорцам быў і адзін з Іванавых сыноў. Архіўны дакумент сведчыць, што Луцэвічы выконвалі службу акуратна і бездакорна, разбіралі і судзілі спрэчныя справы паміж арандатарамі, сачылі за тым, каб правільна і своечасова яны плацілі чынш.
   Амаль два стагоддзі Луцэвічы жылі ў засценку Лазараўшчына. Там жылі і потым здабывалі сабе хлеб прадзед Купалы Дамінік, дзед Ануфрый. Там нарадзіўся і яго бацька Дамінік. У сям’і Ануфрыя, акрамя Дамініка, гадаваліся яшчэ чатыры сыны і тры дачкі. Усе яны – родныя дзядзькі і цёткі паэта. А ў кожнага з іх – свае сем’і. Дык вунь колькі радні толькі па бацькавай лініі было ў малога Яся Луцэвіча, калі ён з’явіўся на свет.
(298 слоў)

(Паводле У. Ліпскага)

 

Похожие статьи:

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаПошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы