Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Крамянёвыя шахты
Варыянт 1 (240 слоў)
Тое, што Беларусь з’яўляецца сёння шахцёрскай краінай, ведаюць многія, нават далёка за яе межамі. Звязана гэта найперш з залежамі калійнай солі ў Салігорску, па здабычы якой Беларусь займае трэцяе месца ў Еўропе. А вось тое, што першыя шахцёры на беларускіх землях з’явіліся больш як пяць тысяч гадоў таму, для многіх нечаканае адкрыццё.
На памежжы неаліту і бронзавага веку ўзніклі першыя беларускія шахты па здабычы крэменю. Было гэта каля цяперашняга гарадскога пасёлка Краснасельскі, што на левым прытоку Нёмана, на рацэ Рось, у Ваўкавыскім раёне. На беразе Росі некалі знаходзіліся вялікія крэйдавыя адклады, дзе і хаваліся патрэбныя камяні. Каб здабыць патрэбную сыравіну, капалі вертыкальныя калодзежы дыяметрам да паўтара метра. Глыбіня іх залежала ад насычанасці крэйды крэменем і дасягала пяці метраў. Капаў, як правіла, адзін чалавек. Адпрацаваную пароду ў спецыяльных скураных мяшках выцягвалі на паверхню. Пад’ёмных ліфтаў тады не існавала. Калі шахта станавілася ўсё глыбейшай і шахцёру цяжка было ў яе апускацца, выкарыстоўвалі лесвіцы – ствол дрэва з коратка абсечанымі галінамі. Калі ж крамянёвыя залежы адшуквалі ў баку ад шахтавага ствала, тады выдзёўбвалі гарызантальныя адгалінаванні. Шахты працавалі толькі летам.
Здабыты крэмень быў вільготны і крохкі, як крышталь. Але затое ён добра паддаваўся апрацоўцы. З дапамогай прасцейшых прыстасаванняў ад крэменю адсякалі ўсё лішняе. Непасрэдна ў шахтах выраблялі загатоўкі сякер. У спецыяльных майстэрнях іх даводзілі да ладу, надавалі зручную і дасканалую форму.
Старажытныя крэменездабыўныя шахты – унікальнае сведчанне майстравітасці, здатнасці і кемлівасці нашых далёкіх прашчураў. Гэта каштоўныя крыніцы даследавання прафесійных заняткаў першанасельнікаў беларускай зямлі.
Варыянт 2 (144 словы)
Тое, што Беларусь з’яўляецца шахцёрскай краінай, ведаюць нават далёка за яе межамі. Звязана гэта найперш з залежамі калійнай солі ў Салігорску. Па яе здабычы Беларусь займае трэцяе месца ў Еўропе. А вось тое, што першыя шахцёры на беларускіх землях з’явіліся больш за пяць тысяч гадоў назад, для многіх нечаканае адкрыццё. Нашы далёкія старажытныя прашчуры ўмелі не толькі паляваць на маманта і разрыхляць матыкай зямлю, лавіць рыбу і ляпіць гліняны посуд, але і вырабляць шмат якія каменныя прылады. Яны патрэбны былі, каб хадзіць на паляванне, секчы лес, выдзяўбаць лодкі. Выраблялі іх з крэменю. А для гэтага патрэбна была сыравіна. Той, што знаходзілі часам на паверхні, не хапала. Тады позіркі нашых прашчураў скіраваліся пад зямлю.
Так і ўзніклі першыя беларускія шахты па здабычы крэменю. Было гэта ля цяперашняга гарадскога пасёлка Краснасельскі, што на левым прытоку Нёмана – рацэ Рось. Зараз тут знаходзіцца Краснасельскі археалагічны комплекс.
Паводле А. Бутэвіча
Похожие статьи:
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Мір – цыганская сталіца
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Бярэсце
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - У гасцях у вечнасці