Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Колер вакол нас

   Святло і колер у прыродзе! Колькі загадкавых светлавых і каляровых з’яў мы назіраем у ёй. Мы ведаем, што сонечнае святло, якое падае на розныя прадметы, адлюстроўваючы ў іх і пранікаючы ў наша вока, выклікае каляровыя адчуванні. Каб паказаць іх разнастайнасць, чалавек стварыў фарбы, пры дапамозе якіх імкнецца адлюстраваць усё цудоўнае ў навакольнай рэчаіснасці.
   Калі мы наведваем мастацкія музеі, выстаўкі, перад намі паўстаюць цудоўныя творы жывапісу, чорна-белыя і шматкаляровыя гравюры, выкананыя майстрамі. Тут мы сустракаемся з усімі жанрамі выяўленчага мастацтва.
   Хто з нас не любуецца прыродай у розныя поры года? Якое багацце колеру мы бачым восенню, калі ў чырвань і золата апрануты лес… Не кожнаму з нас прыйшлося назіраць палярнае ззянне… Гэта відовішча назаўсёды застаецца ў памяці. Або вячэрні зáхад сонца, калі на нашых вачах мяняецца прырода, нябёсы.
   Таму не дзіўна, што функцыі вока – святло- і колераадчуванне – служаць асноўным крытэрыем у творчасці мастакоў. У навакольным свеце мы бачым разнастайнасць колеравых адносін, але, параўноўваючы на палітры фарбы з вясёлкай, мы пераконваемся, што яны не адпавядаюць чыстым спектральным колерам. У той жа час на палотнах мастакі праўдзіва ствараюць дзень, вечар і г. д. Усё гэта дасягаецца не ўжываннем чыстых колераў, а выкарыстаннем танальных і колеравых суадносін. Колеравую разнастайнасць мастак перадае не капіруючы кожны колер паасобку, а пароўноўваючы некалькі іх тонаў у натуры, дабіваючыся правільных вырашэнняў паміж імі. Таму мастакі спачатку выконваюць эцюд, на якім прыходзяць да асноўнага колеравага вырашэння. Кожная фарба на эцюдзе вылучаецца па тоне, яскравасці і насычанасці.
   Вакол нас існуе паветранае асяроддзе. Мы ведаем, што паветра бясколернае. Але на вялікай адлегласці яно набывае сіняватае адценне. Чым вільготней паветра, тым яно менш празрыстае, таму што менш змяняецца пры ўздзеянні на яго сонечных промняў. Менавіта блакітнасць неба і адыгрывае галоўную ролю ў паветранай перспектыве. Каб захаваць у карціне паветраную перспектыву, трэба пісаць прадметы, якія размешчаны блізка ад нашага зроку, больш ярка, выразна, далёкія – больш слаба, расплыўчата. Усе мы заўважаем, што ўдалечыні лес мае адценне смугі.
   Мастакі ведаюць, што ўсе халодныя колеры (сінія, блакітна-зялёныя) пры святле цямнеюць, прычым блакітныя зелянеюць, цёмна-сінія набліжаюцца да чорнага колеру. Таму працаваць над карцінай трэба ў адзін і той жа час, пры аднолькавым асвятленні. Дзякуючы блакітнаму паветру пры аддаленні прадметы набываюць сінь.
   Калі прапускаць белы колер праз шкляную прызму, атрымаем спектр колеру, у якім можна адрозніваць мноства пераходаў. Наша вока можа адрозніваць больш за 300 пераходаў тонаў ад светлага да цёмнага. Да светлых колераў адносяцца жоўты, ружовы, блакітны, светла-зялёны і г. д.; да цёмных – сіні, фіалетавы, цёмна-чырвоны. Акрамя пералічаных характарыстык колер валодае гарманічнасцю па колеры, тоне, выразнасці.
   У прыродзе існуюць тры асноўныя колеры: чырвоны, сіні і жоўты. Злучаючы іх папарна, атрымаем састаўныя колеры, якія сумесна складваюць спектр.
   Размешчаныя побач дадатковыя колеры зрокава ўзмацняюць іх інтэнсіўнасць, успрымаюцца больш яскрава, чым узятыя паасобку. Таму вельмі важнае значэнне мае ўзаемаўплыў колераў, якая знаходзяцца побач. Адна і тая ж фарба, калі яна ляжыць з яркай, здаецца нам цьмянай, з шэрай – становіцца больш інтэнсіўнай, насычанай.
   Працуючы тымі або іншымі фарбамі, трэба знаць асноўныя законы колерабачання. Перадача цёплых і халодных тонаў непарыўна звязана з вызначэннем колеравых адносін. Уменне ўлоўліваць узаемаўплыў колераў у натуры і перадаваць гэта ў карцінах, эцюдах – адна з найважнейшых умоў пры авалоданні сродкамі жывапісу.
(513 слоў)

Паводле А. Бяспалага

 

Похожие статьи:

ПераказыНовыя колеры

ПераказыКолер кветак

ПераказыКрасавік – мастак