Юны сябар!
Ты жывеш на гераічнай зямлі Беларусі, услаўленай у сівых легендах і паданнях, апетай у шматлікіх песнях і паэмах.
Калі ў хвіліну вялікай небяспекі наша Радзіма паклікала сваіх сыноў і дачок, іх у яе аказалася безліч. Тысячы Гастэлаў і Заслонавых, Кедышкаў і Казінцоў, Казеяў і Партновых, Талашоў і Мінаяў падняліся супраць фашысцкай навалы. Цаной свайго жыцця яны адстаялі родныя гарады і вёскі, заводы і фабрыкі, лясы і рэкі. Адстаялі нашы песні і мары. Адстаялі нашу свабоду, будучыню, наша права на жыццё пад мірным небам.
Паўсталі на нашай беларускай зямлі велічныя мемарыялы, помнікі, абеліскі. У вялікіх і малых гарадах, у сёлах і вёсках, на скрыжаванні дарог, нават у лясах, у полі сустрэнеш ты іх. Гараць каля іх Вечныя агні славы. Прыходзяць да іх людзі сталага ўзросту і маладыя, воіны, студэнты, вучні. Прыходзяць, каб пакласці жывыя кветкі да падножжа вялікіх і маленькіх помнікаў ды брацкіх магіл. Прыходзяць, каб не забываць імёнаў тых, хто здабыў сваім нашчадкам шчасце мірнага жыцця.
Праз памяць пра тых, хто загінуў, нясуць іх нашчадкі ганаровую вахту. І гэта не проста вахта. Гэта клятва на вернасць любімай Радзіме, на вернасць гераічным традыцыям герояў мінулай вайны.
(191 слова)
Паводле М. Шыманскага
Похожие статьи:
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Бунт у каралеўстве Віндаўса Вялікага
Эдуард Акулін → Эдуард Акулін - Ёсць памяць генаў, памяць роду...
Пераказы, дыктанты → Памяць
Пераказы, дыктанты → Што запомніцца і што захаваецца
Пераказы, дыктанты → Хвіліна памяці