Мусіць, няма на свеце лепшай асалоды, чым тая, якую дорыць душы чалавека песенны перадвячэрні час. Захоплены галасамі птушынай сімфоніі, я зусім забыўся, што знаходжуся на рацэ, што ў мяне ў руках вуды, што я з’явіўся сюды не як збіральнік птушыных мелодый, а як просты рыбак. Прыхінуўся спінаю да ствала сасны, слухаў і не мог зварухнуцца, баючыся збіць з рытму хоць аднаго крылатага спевака.
З майго забыцця вывела мяне трывожнае вуханне балотнага бугая. Я са здзіўленнем убачыў, што дзень скончыўся. Сонца яшчэ не зусім пакінула зямлю, бо ў вяршынях соснаў там-сям яшчэ ўскідаліся залаціста-чырвоныя водбліскі яго промняў. Але на рацэ і на лузе панавала ўжо суцэльная вячэрняя смуга. Над незлічонымі лугавымі азярынкамі, якія днём, бы зіхоткія пацеркі, пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі, зараз курыліся папяловыя дымы туманкоў.
Пачалі патроху насоўвацца прыцемкі. Пацягнула хвалямі вячэрняй прахалоды. Канцэрт лясных спевакоў разладзіўся: спачатку сціхлі дразды, за імі іншыя птахі. Толькі заранка не змаўкала, нястомна сцвярджала, што песенная пераклічка не скончана.
(155 слоў)
Паводле К. Кірэенкі
Похожие статьи:
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Пераказы → Птушкі шчасця
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")