Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Канец красавіка

   Дол быў усланы рудым лісцем, сухой рыжай папараццю, доўгаю, пераблытанаю, як іржавы дрот, травою, друзам збуцвелых галінак. З-пад гэтай перапрэлай за многія гады коўдры сям-там праглядваў бледны, як вымачаны, мох, крывыя сцяблінкі ягадніку. Вострымі зялёнымі шпількамі тырчала маладая травічка.
   Дрэвы яшчэ не распусціліся, былі брудна-шэрыя і рэзка вырысоўваліся на фоне густой зеляніны маладога ельніку. Вербалоз толькі што распусціў свае каткі, над ім бзынкалі першыя смелыя чмялі. На арэшніку можна было заўважыць на пупышках далікатныя ружовенькія вусікі цвету. Каткі – распушаныя, толькі дакраніся да іх – асыпаліся на зямлю, сеючы ледзь прыкметны пылок. З пупышкаў на бярозе вось-вось гатовы былі паказацца маладыя лісточкі, але бяроза нешта марудзіла – мо чакала, пакуль пройдуць вясеннія, такія непатрэбныя, але немінучыя халады. Можа, гэтую асцярожнасць яна пераняла ад дуба, бо той усё ніяк не асмельваўся скінуць сваё старое пажоўклае ўбранне, усё чакаў, пакуль добра ўгрэе сонца і адыдзе ад холаду карэнне.
   Дуб не спяшаўся, бо па небе яшчэ снавалі, як нявылінялыя пасля зімы каровы на пашы, непрыветлівыя кудлатыя хмары. З іх на дол, ледзь чутна шапочучы, сыпаўся часам дробны, як крупы, сняжок. І тады яшчэ больш цягнула холадам ад сырых лагчын, ад зацененых густымі елкамі, яшчэ з астаткамі наздраватага лядку, упадзін, хоць на дварэ быў ужо канец красавіка.
(200 слоў)

Паводле У. Дамашэвіча

 

Похожие статьи:

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - Красавік

Артур ВольскіАртур Вольскі - Упарты снег

Пераказы, дыктантыКрасавік (Паводле Р. Ігнаценкі)

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Красавік

Пераказы, дыктантыКрасавік – мастак