Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Казуля

   Гэта было на згоне вясны, калі ясная, чыстая зелень травы моцна пахне густой сонечнай цеплынёю, а ў прыбярэжных лазняках белаю пенаю кіпіць царыца лясоў чаромха, якую ў нас вельмі хораша называюць – калакалуша. А ўвосень таго ж года я ўпершыню ўбачыў казулю ў Велькім балоце, куды хадзілі з маці ў журавіны. Казуля стаяла якраз насупраць старога крушынавага куста, потым здрыганулася, паглядзела на нас і, высока паднімаючы над мохам ногі, пасігала ў кусты.
   …Казуля выйшла з затуленага кучмастымі елачкамі акопа, дзе аблюбавала сабе лежбішча. Стаялі адліжныя дні, і снег набрыняў вадою, быў цяжкі і сіні, з яго тырчалі аранжавыя лустачкі кары і шыгаллё. Снег і паветра пахлі жывіцаю. Рухі ў казулі былі спакойныя, як бы млявыя, а ў вачах бліскалі трывожныя агеньчыкі: яна паўгода ўжо насіла ў сабе новае жыццё. Казуля рабіла ўсё, ахвяравала сваімі радасцямі і спакусамі, каб гэтае жыццё паявілася на свет. Яна знарок адбілася ад статка, нават уцякала ад гордага прыгажуна казла, які пад канец лета і ў верасні быў незвычайна пяшчотны і ласкавы з ёю. У казулі быў добры нюх, і яна чула пахі як вабныя, жаданыя, якія ўлівалі ў яе спружыністае цела сілу і бадзёрасць, так і трывожныя, ад якіх сутаргава кідалася ўбок.
   Сёння дзень пачаўся для яе прыемнымі пахамі. Сонца добра прыпякала, і было чуваць, як асядае, шамаціць, бы сена, снег. Ёй да няўцерпу закарцела паласавацца сенам, і яна рызыкнула выйсці на дарогу, па якой, ведала, машыны возяць сена. Зялёнае, духмянае, мятны мурог ды ніцы гарошак, яно кружыла галаву, і здавалася, што ўвесь лес танцуе перад ёю.
   Казуля ішла памалу і лёгка дыхала, каб водар сена не так густа разліваўся па жылах, бо тады у яе пачынаў балець пад грудзінаю жывот, які з кожным днём станавіўся тужэйшы і тужэйшы. Абапал дарогі густа раслі елачкі, папараць ды асіннік і маскіравалі яе. Сена сама болей натрушвалася ў лагчыне, дзе было шмат калдобін. Раптам, ужо блізка ля дарогі, казуля замерла: пачуўся гуд матора. Стаяла з паднятаю пярэдняю нагою і слухала: гуд быў не натужны, з падвывам, а нейкі лёгенькі, мяккі, як трапятанне бяросты ў вецер. Яна насцярожылася. Павярнула галаву і пачула, як на шыі заскрыпелі пазванкі, а спіну ад самых рагоў да хваста пранізаў гарачы востры, як страла, звон.
   Гуд бліжэў, і ўжо запахла дымам, і тады казуля ўбачыла ў прасветліны між дрэў гарбатую жоўтую, як балотная сыраежка, пачвару-легкавушку: яна плаўна зыбалася, паўзла; на калдобінах нудліва зныбела, бы той дзікі хворы парсючок, якога неяк напаткала казуля на краі аўсянага поля.
   Прырода жыве інстынктам; невядомая сіла падкінула казулю ўверх і на лёгкіх, высокіх нагах панесла ў гушчар.
   Майскаю раніцаю ў небе ляцеў рэактыўны самалёт і, набіраючы хуткасць, выбухнуў так, што страсянулася наваколле. Акурат у гэты час у Велькім балоце ў акопе пад густымі елкамі курчылася ў пакутах мацярынства казуля. Ад выбуху  здрыганулася не толькі зямля, але і казуля – з ялін пасыпалася жоўтая леташняя ігліца, і ўжо не толькі на казулю, а і на двух мокрых плямістых цялятак, што квола сучылі нагамі і жмурылі мутныя, блакітныя вочы. Сонца прабівалася скрозь гушчыню елак і мяккімі зайчыкамі скакала па спінах цялятак, па маладым пахучым верасе, і ўся гэта стракатая мазаіка надавала цёплую вясёлую акрасу маленькаму кавалачку зямлі.
 
Паводле У. Рубанава

 

Похожие статьи:

ПераказыРазумная казуля

ПераказыКемлівая казуля