Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Разумная казуля

   Машына ехала пад галлём, якое звісала над дарогай. Перад машынай успырхвалі птушкі, пераляталі з дрэва на дрэва. Спалоханая чародка цецеручкоў перабегла дарогу за сваёй маці.
   Раптам з гушчарніку на дарогу выскачыла казуля, спынілася і паглядзела на машыну. Збавіўшы хуткасць, грузавік павольна пад’язджаў да стройнага рыжага звярка, які, нібы загіпнатызаваны, стаяў на месцы. Поўсць на шыі казулі ўздрыгвала, варушыліся вушы, а вочы ўважліва глядзелі на людзей у кабіне.
   – Сігнальце, дзядзечка! – не вытрымаў Валодзя. – Пад колы ж пападзе!
   Мікола Дубіцкі націснуў на тормаз і спыніў машыну за некалькі крокаў ад звярка, адчыніў дзверцы, каб прагнаць парушальніцу дарожнага руху. Але казуля не збіралася ўцякаць. Мікола шмат разоў сустракаў казуль на паляванні, але ніколі яны не падпускалі так блізка да сябе. Заўсёды палахлівыя, казулі ўцякалі, як толькі заўважалі чалавека. Калі Мікола замахаў рукамі, казуля павярнулася ў той бок, адкуль выскачыла, зрабіла некалькі нетаропкіх крокаў, пасля лёгка пераскочыла цераз куст і знікла ў гушчары.
   Грузавік рушыў з месца. Раптам Валодзя падаўся ўсім целам уперад і ўсклікнуў радасна:
   – Зноў стаіць на дарозе!
   Незвычайныя паводзіны ляснога звярка здзівілі бывалага паляўнічага. Дубіцкі заглушыў матор, вылез з кабіны. Казуля даверліва паглядзела на чалавека і пайшла ў кусты. Спынілася, павярнула галаву, быццам запрашала ісці за ёй. Дзядзька Мікола махнуў Валодзю рукой, каб ішоў да яго. Прайшлі метраў трыста. Казуля часта аглядалася, цяжка дыхала, неспакойна ўздрыгвала. Дубіцкаму здалося нават, што яна прыкідвала, ці можна даверыць людзям сваю тайну.
   Казуля павярнула галаву ў бок кустоў і лёгкімі скачкамі наблізілася да жывога камячка, які то падскокваў на месцы, то падаў каля дрэва. Маці спынілася каля малога, лізнула некалькі разоў і адышла на крокаў пяць. З вачэй яе каціліся слёзы.
   Дзядзька Мікола і Валодзя заспяшаліся да казляняці, якое трапіла ў сіло. Хлопчык адной рукой прыціснуў казляня да зямлі, а другой пагладзіў па маленькай галоўцы. Мікола аслабіў сіло і агледзеў ножку.
   – Цэлая! – узрадаваўся Валодзя. – Выпускайце хутчэй, а то казуля чакае, не перастае плакаць.
   Хлопчык паставіў казлянятка на ногі. Яно нясмела зрабіла пару крокаў, адчула, што ножка свабодная, падскочыла і пусцілася да маці. Казуля радасна пазірала на сваё дзіцятка. Пасля яшчэ раз глянула на Дубіцкага і Валодзю і павольна пайшла ўслед за казлянём. Ля куста спынілася і з такой удзячнасцю кіўнула галавой, што ў Міколы ў самога на вочы набеглі слёзы.
(367 слоў)

(Паводле В. Гурскага)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыКазуля

Пераказы, дыктантыКемлівая казуля