Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
З адвагай у сэрцы
За два гады службы ў Чырвонай Арміі Пётр Галецкі зарэкамендаваў сябе з самага добрага боку. Адказны, удумлівы і дзелавы, ён стаў прыкладам для іншых байцоў.
Нарадзіўся і вырас Пётр Галецкі ў невялікай вёсачцы ў Талачынскім раёне. У школе вучыўся добра, марыў пра мора, службу на вялікім караблі. Атрымалася так, што звязаў свой лёс з роднай зямлёй. У 1937 годзе юнака прызначылі брыгадзірам у калгасе, дзе ён і працаваў да прызыву ў рады Чырвонай Арміі.
У партызанскі атрад «Перамога», што дыслацыраваўся на тэрыторыі Віцебскай і Смаленскай абласцей, Пётр Галецкі быў накіраваны з групай кадравых афіцэраў і воінаў, якая была сфарміравана для ўмацавання атрада і каардынацыі баявых дзеянняў з часцямі Чырвонай Арміі.
Гарэла зямля пад нагамі ворагаў. Партызаны не давалі ім спакою ні днём, ні ноччу: ляцелі пад адхон саставы з жывой сілай і тэхнікай, палалі варожыя гарнізоны, на кожным кроку гітлераўцаў чакала смерць. За год партызанскай барацьбы Пётр Галецкі ўдзельнічаў у многіх аперацыях і заўсёды вызначаўся смеласцю і адвагай. Яму часта аб’яўляліся падзякі, а потым ён быў прадстаўлены да ўрадавай узнагароды.
I было яшчэ адно заданне ў чэрвені 1942 года.
Стаяла цёмная халодная ноч. Асцярожна прабіралася ў напрамку чыгункі група хлопцаў-падрыўнікоў. Напярэдадні разведка данесла, што з Віцебска на Смаленск адпраўляецца варожы састаў з важным вайсковым грузам і цыстэрнамі з бензінам. Эшалон рухаўся ў напрамку Масквы, і прапусціць яго нельга было ні ў якім выпадку.
Спыніліся ў густым сасонніку. Наперадзе, усяго за некалькі дзясяткаў крокаў, знаходзілася чыгуначнае палатно. Узмоцнена ахоўвалася магістраль у тую ноч: на вышках заселі варожыя кулямётчыкі, праз кожныя трыста – чатырыста метраў стаялі патрулі. Уздоўж чыгункі немцы загадзя высеклі лес.
Доўга раіліся падрыўнікі. I вось план дзеянняў складзены. Як толькі пачуюцца сігналы цягніка, да рэек папаўзе Пётр Галецкі. Ён хуценька закладзе ўзрыўчатку і вернецца да сваіх, якія прыкрыюць сябра агнём.
Нялёгкі шлях да чыгункі, бо гітлераўцы надзвычай пільна сочаць за палатном і наваколлем. Пётр прыпаў да зямлі, папоўз да насыпу. Партызаны з сасонніку трымаюць на прыцэле варожых салдат і ў выпадку чаго дапамогуць Галецкаму.
Шум цягніка нарастае, становіцца мацнейшы і гучнейшы. Набліжаецца да чыгуначнага палатна і Пётр Галецкі. Насып круты, высокі, на яго з пустымі рукамі няпроста ўзабрацца, а тут – міна. Састаў ідзе плаўна, паволі, значыць, груз вязе вялікі, цяжкі. Вось-вось пакажацца з-за павароту, выхапіць святлом пражэктара яго, Галецкага, постаць.
Пётр сабраў апошнія сілы, імкнучыся нават дыханнем не выдаць сябе. Калі ж да чыгункі заставалася семдзесят – восемдзесят метраў, ён усхапіўся з зямлі і кінуўся да палатна. Скачок наперад – і юнак на рэйках, пад коламі цягніка.
Трывожны гудок паравоза зліўся з магутным выбухам. Вогненны слуп ускінуўся высока ў неба. Трое партызан бачылі з сасонніку, як уздыбіўся паравоз, закуляліся, пакаціліся пад адхон варожыя платформы з грузам і цыстэрны з гаручым.
Так скончылася жыццё адважнага сына Айчыны, пачалася яго бессмяротнасць. За мужнасць і адвагу ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікую Айчынную вайну Пятру Галецкаму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
(472 словы)
Паводле А. Мяснікова.