Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Адважны сын Айчыны

   За два гады службы ў Чырвонай Арміі Пётр Галецкі зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку. Добрасумленны, удумлівы і дзелавы, ён стаў прыкладам для іншых байцоў.
   Гарэла зямля пад нагамі ворагаў: партызаны не давалі ім спакою ні днём, ні ноччу. Ляцелі пад адхон саставы з жывой сілай і тэхнікай, палалі варожыя гарнізоны, на кожным кроку гітлераўцаў чакала смерць. За год партызанскай барацьбы Пётр Галецкі ўдзельнічаў у многіх аперацыях і заўсёды вызначаўся смеласцю і адвагай. Яму часта аб’яўляліся падзякі, а потым ён быў прадстаўлены да ўрадавай узнагароды.
   І было яшчэ адно заданне – у чэрвені 1942 года.
   Была цёмная халодная ноч. Асцярожна прабіралася ў напрамку чыгункі група хлопцаў-падрыўнікоў. Напярэдадні разведка данесла, што з Віцебска на Смаленск адпраўляецца варожы састаў з важным вайсковым грузам і цыстэрнамі з бензінам. Эшалон рухаўся ў напрамку Масквы, і прапусціць яго нельга было ні ў якім выпадку.
   Узмоцнена ахоўвалася магістраль у тую ноч: на вышках заселі варожыя кулямётчыкі, праз кожныя трыста-чатырыста метраў стаялі патрулі. Уздоўж чыгункі немцы загадзя высеклі лес.
   Было вырашана: як толькі пачуюцца сігналы цягніка, да рэек папаўзе Пётр Галецкі. Ён хуценька закладзе ўзрыўчатку і вернецца да сваіх, якія прыкрыюць сябра агнём.
   Шум цягніка нарастае, становіцца мацнейшы і гучнейшы. Набліжаецца да чыгуначнага палатна і Пётр Галецкі. Насып круты, высокі, на яго з пустымі рукамі няпроста ўзабрацца, а тут – міна. Састаў ідзе плаўна, паволі, значыць, груз вязе вялікі, цяжкі. Вось-вось пакажацца з-за павароту, выхапіць святлом пражэктара яго, Галецкага, постаць.
   Пётр сабраў апошнія сілы, імкнучыся нават дыханнем не выдаць сябе. Калі ж да чыгункі заставалася семдзесят-восемдзесят метраў, ён усхапіўся з зямлі і кінуўся да рэек. Скачок наперад – і юнак на рэйках, пад коламі цягніка.
   Трывожны гудок паравоза зліўся з магутным выбухам. Вогненны слуп ускінуўся высока ў неба. Тры партызаны бачылі з сасонніку, як уздыбіўся паравоз, закуляліся, пакаціліся пад адхон варожыя платформы з грузам і цыстэрны з гаручым.
   Так скончылася жыццё адважнага сына Айчыны, пачалася яго бессмяротнасць. За мужнасць і адвагу ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Пятру Галецкаму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
(328 слоў)

 

Паводле А. Мяснікова

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЗ адвагай у сэрцы