Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Зямля круглая

   Над Байканурам свяціла зыркае марознае сонца. Серабрыстая ракета з караблём наверсе зіхацела ў сонечных промнях і, здавалася, сама рвалася ў бязмежны блакіт неба.
   Яны выйшлі з аўтобуса, Пётр Клімук аддаў рапарт аб гатоўнасці да палёту. Потым яны падняліся па металічных прыступках да ліфта, у апошні раз памахалі рукамі тым, хто рыхтаваў і праводзіў іх у дарогу. Неўзабаве ліфт падняў іх наверх, да люка карабля, і яны звыкла нырнулі ў той люк і гэтак жа звыкла ўлегліся ў стартавыя крэслы.
   Хваляваўся ён ці не хваляваўся? Бадай што, не. Ён верыў у свае сілы, верыў, што справіцца з цяжкасцямі і выканае палётнае заданне. Верыў ён і ў тое, што не падвядзе яго карабель, бо і карабель, як і ён сам, старанна рыхтаваўся да палёту і прайшоў самы строгі экзамен.
   І ён досыць спакойна ўспрыняў апошнія перадстартавыя каманды і спакойна, амаль па-гагарынску, сказаў сам сабе: «Паехалі!..», калі ракета, здрыгануўшыся, адарвалася ад Зямлі...
   Яны ляцелі «лавіць» зоркі. Іхні «Саюз-13» быў абсталяваны сістэмай тэлескопаў, пры дапамозе якіх яны адшуквалі і фатаграфавалі зоркі. Вывучаць зоркі з Зямлі перашкаджае атмасфера. Здаецца, і празрыстая яна, а вельмі перашкаджае астраномам. Вось і вырашылі падняць тэлескопы высока над Зямлёй, туды, дзе ўжо атмасферы практычна няма.
   Восем дзён яны «лавілі» ў свае тэлескопы зоркі, восем дзён фатаграфавалі іх у спецыяльных спектрах. Гэтым здымкам былі вельмі рады вучоныя, бо яны ўпершыню атрымалі магчымасць «зірнуць» на зоркі з вышыні трохсотпяцідзесяці кіламетраў.
   Зоркі зрабілі на Пятра Ільіча вялікае ўражанне. У космасе яны не такія, якімі бачацца нам з Зямлі, праз тоўшчу атмасферы. Зоркі нам здаюцца жоўтымі, аранжавымі, блакітнымі, яны няспынна мільгацяць, быццам падміргваюць нам. А ў космасе зоркі на дзіва спакойныя, і колер іхні аднолькавы – белавата-жоўты. А галоўнае, там уражанне такое, быццам яны вісяць нізка, над самай галавой – іх так і хочацца пакратаць рукой.
   Але больш за ўсё ўразіла Зямля. Яшчэ калі карабель толькі выходзіў на арбіту, Пётр Ільіч паспеў зірнуць у ілюмінатар і ўбачыць Зямлю. Убачыў і не мог стрымаць воклічу захаплення. Зямля, што плыла ўнізе, была надзвычай прыгожая. Уражвалі яе фарбы – ніводная геаграфічная карта не размалявана такімі шчодрымі, яркімі колерамі.
   Мы ведаем усе, што Зямля круглая, мае форму шара. Аднак жа пабачыць гэта нам, людзям, амаль немагчыма. А вось з касмічнага карабля адразу можна ўбачыць палову Еўропы. У адзін ілюмінатар можна ўбачыць Атлантычнае ўзбярэжжа Амерыкі, а ў другі – Ціхаакіянскае ўзбярэжжа.
   Адтуль, з арбіты, відаць не толькі гэта. Адтуль добра відаць і скрыўленасць лініі гарызонту – гэта значыць, адтуль можна на свае вочы пераканацца, што Зямля круглая.
   Пётр Ільіч, убачыўшы гэта ўпершыню, радасна, крыху па-дзіцячы закрычаў:
   – Бачу Зямлю! Яна, і праўда, круглая!
   Ну як, скажыце, не пазайздросціць! Усё-такі гэта здорава: пабываць там, адкуль проста так, няўзброеным вокам можна пабачыць, што Зямля наша круглая!
(442 словы)

(Паводле М. Гіля)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыПершы дзень у Зорным

Пераказы, дыктантыКаго выбірае космас

Пераказы, дыктантыКім быць?

Пераказы, дыктантыКасмічны сын Беларусі

Пераказы, дыктантыДарога дадому