Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Зубры
Зуброў часта называюць белавежскімі. Думаеце, зубрам там надта прывольна? Не зусім. Зубр – прыхільнік светлых лісцвяных гаёў, але белавежскія мясціны сталі для яго апошнім прытулкам.
Тэрыторыі ўсіх краін Еўропы раней уяўлялі сабой суцэльны лясны масіў, але з-за гаспадарчай дзейнасці гэты лес паступова і паўсюдна высякаўся. Дубовыя гаі выпальваліся і раскарчоўваліся пад жыта і пшаніцу, а бары ішлі пад карабельнае будаўніцтва. Многа лесу трэба было на новыя гарады, крэпасці, масты, калодзежы. Стагоддзямі не змаўкаў грукат сякеры ў еўрапейскіх лясах. Белавежская пушча – усё, што засталося больш-менш цэлым, некранутым ад гэтага магутнага лесу. А дзе ж зубру хавацца, як не ў самым большым лесе!
Але нідзе не схавацца ад двухногага драпежніка. Апошні белавежскі зубр у дзікай прыродзе быў забіты ў тысяча дзевяцьсот дзевятнаццатым годзе. Засталіся толькі асобіны ў некаторых еўрапейскіх заапарках. Вучоныя спахапіліся, забілі трывогу – і ў Белавежскай пушчы быў створаны зубрагадавальнік. Былі закуплены два дзясяткі зуброў. У Вялікую Айчынную вайну, на шчасце, зубры ацалелі, а пасля вайны пачалася работа па ўзнаўленні папуляцыі гэтых жывёл. Поспех пакуль спадарожнічае добраму пачынанню.
Чым зубр цікавы? Зразумела, сваімі памерамі. Вага зубра дасягае тысячы кілаграмаў, а даўжыня яго тулава – трох метраў. У яго пагрозлівыя серпападобныя рогі і калматая грыва.
Калі зубра нішто не трывожыць, ён спакойны і міралюбівы. Але ў гневе зубр страшны. Ён з чмыханнем валіць сваім тоўстым ілбом дрэвы, рые капытамі зямлю.
Зубры харчуюцца маладымі галінкамі дрэў і хмызнякоў, пасуцца на лясных палянах, ахвотна ядуць кару грабаў, асін, елак. Яны любяць рабінавыя галінкі, падбіраюць дзічкі, жалуды, а апенькі і лісічкі – гэта лепшы ласунак для іх.
Зімой зубры харчуюцца мохам, рознымі лішайнікамі і сухой травой. Іх поўсць, летам кароткая і рыжаватая, на зіму робіцца густой і цёмна-бурай, і ў такім футры жывёле не холадна гадзінамі ляжаць на снезе ў непагадзь.
На сённяшні дзень абаронцы прыроды давялі лік зуброў на Беларусі да трох сотняў, але лясныя быкі ёсць і ў іншых краінах. Усяго зуброў на Зямлі больш за дзве тысячы. Пагроза знішчэння гэтых жывёл не знікла. Але ёсць вялікая надзея, што зубр, сучаснік мамантаў, стане такім жа звычайным зверам нашых лясоў, як лось ці казуля.
(338 слоў)
(Паводле А. Наварыча)
Похожие статьи:
Язэп Пушча → Язэп Пушча - На возеры
Язэп Пушча → Язэп Пушча - Раніца