Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Званы Хатыні

   Хатынь – ад слова хата. Вёсачка ў лясным краі ўсяго на дваццаць шэсць хат. У самой назве – паэзія. Пра яе можна было б пісаць і надта шчаслівыя лірычныя вершы, і нават вясёлыя радкі, бо вёска да трагедыі жыла сваім спрадвечным, звыклым сялянскім жыццём. Аднак пішацца пра яе толькі самотнае, толькі жудаснае. Боль, цяжкі, невыносны, каменны ды вогненны, проста не дазваляе пісаць іншае. Гэта праўда нашай памяці, а праўду не прыхарошыш.
   Пабываўшы ў Хатыні, балгарскі пісьменнік Стэфан Паптонеў напіша: «Тут трэба маўчаць!» I сапраўды. Тут гавораць толькі званы ды напятая, нібы струна, цішыня. А чалавеку трэба ўмець слухаць. Званы Хатыні не толькі гучна гавораць і перамаўляюцца паміж сабою, яны крычаць, галосяць, нагадваюць і наказваюць: «Людзі добрыя, помніце!..»
   Гэта быў дваццаць другі дзень сакавіка 1943 года. I былі Саракі, было прадвесне... На Саракі, кажуць, прылятае сорак выраяў, неба абуджаюць сорак жаўранкаў, з сарака галінак сарока пачынае віць сабе гняздо. Але зусім не свята чакала ў той дзень жыхароў Хатыні. Раніцай у вёску ўварваліся карнікі. Яны сагналі ў пуню ўсіх жыхароў Хатыні разам з дзецьмі і падпалілі яе. Людскі енк і плач ускалыхнулі лясное наваколле, зліліся ў адзін цяжкі стогн, і доўга яшчэ сваім гулкім пошумам яго паўтаралі тутэйшыя бярозы ды сосны.
   Летам 1969 года, роўна праз дваццаць шэсць гадоў, як былі бязлітасна знішчаны карнікамі жыхары Хатыні і іх дваццаць шэсць хат, на месцы былой вёскі паўстане велічны мемарыяльны комплекс «Хатынь». Гэта будзе помнік не толькі Хатыні, а і ўсім ста трыццаці шасці беларускім вёскам, якія ўжо ніколі не паўстануць з попелу. Гэта будзе помнік і сотням іншых спаленых, але потым адноўленых вёсак Беларусі.
   Не дажылі хатынцы да другога веснавога свята – Благавешчання. На Благавешчанне з выраю прылятаюць буслы і звонкім клёкатам абуджаюць кроны нашых родных дрэў. Буслы 1943-га года не сустрэлі тых, каму неслі на сваіх крылах новую вясну і новае жыццё.
   У Хатыні вельмі шмат бетону, мармуру і шчымлівай цішыні. Хатынь – гэта балада нашай беларускай памяці. Балючай памяццю тут сталася ўсё: і падмуркі, і калодзежы, і сцяжынкі, і дрэвы, і нават словы. На кожным коміне можна прачытаць імёны тых, чыё жыццё абарвалася тут 22 сакавіка 1943 года. Імёны, якія для кожнага наведвальніка гучаць радкамі нашай суровай балады.
   У Хатынь едуць і едуць турыстычныя аўтобусы. Былая вёска стала месцам усенароднага пакланення. За гады існавання мемарыяла ў ім пабывалі мільёны людзей. Едуць з усіх кантынентаў. Едуць малыя і дарослыя, багатыя і бедныя.
   Хатынь заўсёды будзе напамінаць нам сваімі званамі пра вялікія і малыя трагедыі нашага народа. У Хатыні вусны заўсёды маўклівыя, але ў сэрцы, калі прыслухацца, увесь час гучыць малітва. У кожнага сэрца свая. Малітва звернута да нашай сумленнасці.
   Звоняць званы. I, нібы сімвал жыцця, шумяць пад калісьці апаленым небам тры бярозкі. I самотна гарыць Вечны агонь памяці над магілай і імем кожнага беларуса, які загінуў у час вайны.
(456 слоў)

Паводле К. Камейшы

 

Похожие статьи:

Алесь АдамовічАлесь Адамовіч - Хатынская аповесць

Пераказы, дыктантыЗваны памяці

Васіль ЖуковічВасіль Жуковіч - Бусел над Хатынню

Анатоль ВярцінскіАнатоль Вярцінскі - Вечны сон, вечны звон

Аркадзь КуляшоўАркадзь Куляшоў - Над спаленай вёскай