Гудуць званы. Гудуць журботна і сурова. Над светлымі бярозавымі гаямі, над задуменнымі барамі Лагойшчыны, над Беларуссю, над усёй зямлёю плыве народжаная мемарыяльнай бронзай мелодыя.
І ў гэтай трывожнай і ўрачыстай мелодыі гучыць рэквіем і гімн. Рэквіем у памяць мільёнаў расстраляных, павешаных, закатаваных, спаленых жывымі. Гімн людзям, што не скарыліся, не сталі перад ворагам на калені, загінулі з імем Радзімы-маці на вуснах.
Мерна і вечна адбіваюць хатынскія званы наказ будучым пакаленням, напісаны святою крывёю пакутнікаў: «Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала».
Хатынь... Тут жылі мірныя людзі. Шчырыя працаўнікі, здатныя да простай сялянскай працы. Вайна разбурыла ўсе мірныя планы, паламала лёсы, злавесным ценем навісла над кожнай хатай. Стракатаннем аўтаматаў і цяжкім стукам каваных ботаў уварвалася яна ў вёску Хатынь, што стаяла на ўзлессі, між пясчаных узгоркаў Лагойскага раёна.
22 сакавіка 1943 года атрад карнікаў акружыў вёску. Усіх яе жыхароў – жанчын, старых і дзяцей – сагналі ў хлеў і падпалілі. Сто сорак дзевяць чалавек, сярод якіх семдзесят шэсць дзяцей, навечна ляглі ў адну брацкую магілу.
(205 слоў)
(Паводле буклета «Хатынь»)
Похожие статьи:
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Над спаленай вёскай
Пераказы, дыктанты → Званы Хатыні
Анатоль Вярцінскі → Анатоль Вярцінскі - Вечны сон, вечны звон
Пераказы, дыктанты → Званы памяці
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Бусел над Хатынню