Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Заход сонца

   Павісла сонца над крутой гарой.
   Яно ўсё ніжэй і ніжэй апускаецца над зямлёй, вось уселася ўжо на сук вілаватага дуба – на гары, па-над кручай. Здаецца, угінаецца сук пад сонцам і вось-вось скоціцца яно, бразнецца на зямлю, расколецца на бліскучыя аскялёпкі.
   Але сонца цэлае, толькі робіцца ўсё большым і большым, абліваючы чырванню верхавіны дубоў, ветраковыя махі і статак курганаў. Чырванню гарыць неба, і ў гэтай чырвані губляе сонца сваю залатую празрыстасць – можаш смела глядзець у векавечнае сонцава вока, гатовае замружыць свае каснікі-вейкі на адпачын на ноч, на сонечны сон. І здаецца, пераплятаюцца празрыстыя прамяні з нябеснымі струменямі цішыні, з крышталёвым спакоем вечара, з ледзь чутнымі подыхамі вячэрняга ветрыку. Ён нясе з паплавоў пах росных красак, пах травы медуніцы, пах соннага чабору з-па-над кручы. Сіратой праляціць пчала, дзынкнуў і спалохана змоўк, выцяўшыся аб сцябліну чмель, спяшаючыся на радзімую купіну. Дзесьці ля балот забляяў баранчык, яму адгукнулася над Дняпром кнігаўка, і адразу пачалі цямнець і прыбярэжныя кусты, і вілаватыя дубы над крутой гарой, і ў кудзеркі туману пачалі спавівацца вядзяныя струмені. Дняпро дыхнуў халадком, вільгаццю ды пахам прыбярэжнае цвілі, гнілога багавіння і рыбнае мелюзгі, павыкіданых за дзень рыбалкамі.
(185 слоў)

Паводле М. Лынькова

 

Похожие статьи:

Якуб КоласЯкуб Колас - Усход сонца

Эдзі АгняцветЭдзі Агняцвет - Галоўны дворнік

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Хто памагае сонцу

ПераказыСонца не стаіць на месцы

ПераказыГімн жыццю