Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Запрашэнне да танцаў

   Як бы хацелася, каб некаторых учынкаў, што мы зрабілі ў нашым жыцці, не існавала.
   Я працаваў у газеце. Аднаго разу нам пераказалі, што ў тэхнікуме будзе вечар, на які запрашаюць і нас, хлопцаў з рэдакцыі.
   Тэхнікум мясціўся далёка за рэчкаю. Трэба было перайсці вузкі, высланы шурпатымі дошкамі мост, высока падняты над вадою, а тады пайсці доўгаю вуліцаю, павярнуць направа на другую такую ж доўгую і вузкую, у канцы якой стаіць старажытная царква. Вечар ляжаў цёплы, мяккі, змрок гусцеў шпарка, старыя купчастыя прысады вуліцу рабілі зусім цёмнаю. Нарэшце налева весела засвяціліся вокны тэхнікума, высветліўшы і нізкі фарбаваны плоцік перад імі, і кусты бэзу, і вышарганыя дошкі тратуараў, і выслізганае круглае каменне пукатага бруку. І вось дзверы ў залу – з цёмнага надворку на яркае святло, у цяпло чалавечых галасоў, кінутых насустрач позіркаў, усмешак, хваляванняў. На дзяўчатах строі, прычоскі; у кожнай нешта сваё, самае прыгожае, шчырае, і ты ўвесь поўнішся трапяткім і шчаслівым чаканнем...
   На сцэне паказвалі драматычныя абразкі, дэкламавалі вершы, ладзілі скокі, спявалі песні – і на адзін голас, і дуэтам. Усяго патроху, цяпер бы гэта назвалі самадзейнасцю. Нарэшце заслона апусцілася, на краёк сцэны ўскочыў светлавалосы хлапчына ў вышыванай кашулі навыпуск, падперазанай поясам з кутасамі, спушчанымі з левага боку, і, выставіўшы перад сабою руку, крыкнуў:
   – А цяпер – танцы!
   У адно імгненне лаўкі і пазвязваныя між сабою ў пляцёнкі крэслы былі ссунуты да сцен, пасярэдзіне расхінулася шырокая пляцоўка. Нехта пры сцэне паставіў блакітны зэдаль, аднекуль узяўся і сеў на ім гарманіст. Па зале прайшлася першая трывожная хваля вальса; закружыліся пары.
   Я таксама нагледзеў дзяўчыну. Пры сцяне, каб не надта замінаць руху, у тых састаўленых радком крэслах, сярод другіх, што чакалі, мабыць, свайго запрашэння, сядзела і тая, што спыніла на сабе маю ўвагу. У цёмна-вішнёвай сукенцы з брыжастым каўнерыкам, з ледзь прыўзнятаю каштанаваю прычоскаю. На твары як бы нейкае здзіўленне ці стрыманая насцярожанасць. Тая прыгажосць, што асабліва падабалася мне. Яна сядзела, узлакаціўшыся на спінку пастаўленага перад сабою крэсла. Я падышоў і пашаноўна, як умеў, схіліў галаву і запрасіў на вальс.
   – Я не танцую, – строга і нават, як здалося, гнеўна сказала дзяўчына.
   І адмова, і тон, якім яна была зроблена, мяне вельмі пакрыўдзілі. Міжволі я падумаў: калі б падышоў хлопец рослы, ладны, красун сабою, нябось, адразу паднялася б, а мне, вось такому, не надта здатнаму і паказному, калі ласка – асадзі назад. І захацелася гэтакаю крыўдаю і адказаць ёй.
   – Ранавата ж вы фанабэрыі нахапаліся, цырымонная панначка, – сказаў я, знарок уставіўшы і грэблівую «фанабэрыю», і «цырымонную панначку», каб яна хоць праз гэта адчула, якое нядобрае і злое яе хараство.
   Увесь вечар я стараўся сябе супакоіць, але боль крыўды не патухаў. Час ад часу, кружачыся ў танцы з другімі, цяпер ужо без душы, усё роўна як адбываючы павіннасць, пазіраў я на тыя крэслы, дзе сядзела дзяўчына, і помсліва радаваўся, што сядзела яна адна. «Гэтак ёй і трэба, – думаў я. – Няхай цяпер нацешыцца сваім гонарам».
   І вось настаў канец вечара. Гарманіст шырока расцягнуў мяхі, зайграўшы марш. Зала заварушылася новым рухам: разагрэтыя, разрумяненыя, шчасліва патомленыя, усе пачалі кіравацца да дзвярэй, сёй-той нават не паспеў яшчэ апусціць злучаных танцамі рук. Але я і цяпер непрыязна зірнуў на дзяўчыну. Яна не спяшалася, чакаючы, пакуль выйдуць другія. І калі ў дзвярах засталося ўжо некалькі чалавек, яна адкінула правую руку за спінкі крэслаў, дастала адтуль дзве мыліцы і, падставіўшы іх чорнымі цыратовымі галоўкамі пад пахі, апошняя пайшла з залы на сваіх нежывых нагах.
(548 слоў)

(Паводле Я. Скрыгана)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыШахматы... з танцамі