Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Запаветная мара
За сталом, заваленым кнігамі, добра працавалася. Перапынкі былі кароткія. Змена дня ноччу і ночы днём не мела для мяне істотнага значэння. Здаралася так, што ўначы я працаваў, а раніцай або ўдзень адпачываў.
I калі прыслалі з інстытута выклік на ўступныя экзамены, я заўважыў фантастычную, як тады здалося мне, рэч: чалавек можа спаць столькі, колькі загадвае сабе. Каб не заспаць, мне дастаткова было засяроджана паглядзець на тыя рыскі ручнога гадзінніка, за якія не павінны перайсці стрэлкі, перш чым я прачнуся. Вядома, зручней было б з будзільнікам, але яго я не меў. Кожны раз, прачынаючыся, знаходзіў вачыма стрэлкі на запаветных рысках. Нейкае імгненне не мог паверыць вачам, падносіў гадзіннік да вуха, каб пераканацца, ці не спыніўся ён. I, пераконваючыся, што цікае, я ўжо не мог не здзіўляцца нечаканаму адкрыццю: калі раней толькі ведаў, як цяжка выконваць уласныя загады, то цяпер спасціг яшчэ і тое, як радасна атрымліваць перамогу над самім сабою, набліжаючы запаветную мэту.
Ранак першага жніўня быў сонечны, а дзверы вышэйшай навучальнай установы нязвыкла цяжкія.
Калі я ўвайшоў у аўдыторыю, яна ўжо была запоўнена такімі, як я, шукальнікамі шчасця. Незанятымі заставаліся толькі першыя сталы.
Экзаменатараў доўга чакаць не давялося. Як жа ўзрадаваўся я, калі на дошцы з’явілася вядомая мне тэма.
Пасля першай чацвёркі (пяцёркі не атрымаў ніхто) мякчэй неяк пачалі адчыняцца цяжэнныя інстытуцкія дзверы. I толькі калі здаў апошні экзамен і выйшаў на залітую сонечным святлом вуліцу, я адчуў, што вочы смыляць ад частага недасыпання, галава ідзе кругам.
Вечарам я шчасліва заснуў. Прахапіўся, калі сябры збіраліся ўжо на работу. Павярнуўся на другі бок і зноў заснуў. I тады, на досвітку, убачыў я сябе дома. Быццам іду з вядром да калодзежа, каб вады набраць, аж бачу: маці мая ўся ў калодзежы, толькі пальцамі рук трымаецца за верхні круг. Я кідаю вядро на зямлю, бягу да яе, каб хутчэй уратаваць, але ногі не слухаюцца мяне. Крычу: «Мама!» – але голасу майго не чутно. Тады крычу штосілы, нібы ў лесе: «Ма-а-ма-а-а!» Прачынаюся і чую, як моцна калоціцца сэрца. «Хаця б нічога не здарылася, – непакоюся я. – Трэба збегаць да Мані, мо вярнулася ўжо...»
– Не, пакуль што не прыязджала, – літаральна з парога адказала Маніна суседка па кватэры, калі я папытаўся ў яе пра сястру.
У мяне быў яшчэ цэлы тыдзень адпачынку, і я, не марудзячы, заскочыў у інстытут, пакінуў там свой вясковы адрас, каб паведамілі аб выніках, ды патрухаў на аўтастанцыю.
Мама з Маняю і нават малая Любачка – усе ўжо выглядвалі на дарогу, чакаючы мяне.
– Праваліўся, – пажартаваў я.
– Не муці, – глядзела мне ў вочы Маня. – Падманваць не ўмееш.
– Здаў. Адна пяцёрка, адна тройка, астатнія чацвёркі, – хваліўся я. – Сказалі, што магу лічыць сябе студэнтам.
Слёзы радасці набеглі на матчыны вочы.
– Богу дзякуючы, дачакалася. Цяпер можна і паміраць.
– Ну што вы, мама, – казаў я з той трывогаю, якая прыходзіць да сына за лёс маці, – толькі і пажыць цяпер. Дзеці выраслі...
(463 словы)
Паводле В. Жуковіча.
Похожие статьи:
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - У горадзе мары