Летам усюды зялёны прастор і прыгажосць.
У полі бушуе жыта. Коцяцца пад лёгкім павевам ветрыку зялёныя хвалі. Коцяцца, і няма ім ні канца, ні краю. Раптам над гэтым жытнёвым морам падымаецца сівы лунь-мышалоў. Міжволі здаецца табе, што гэта сапраўды мора, у якім дзесьці на небасхіле праплывае малюсенькі паруснік.
Узлесак і паляны патанаюць у белых карунках рамонкаў. Цешацца ў бірузе лугавога льну і браткоў, у тонкім перазвоне ліловых званочкаў.
Хораша летам і на лузе. Сухое паветра настоена на тонкім водары ружовай смолкі, на мядовым паху канюшыны…
Хораша гэтай парой паляжаць у цяньку дрэў або асвяжыцца ў рэчцы. Але яшчэ больш прыемна прабрацца на світанні да азярца і бясшумна закінуць у ваду вуду. Закінуць і моўчкі любавацца, як лёгкі паплавок далікатна пачне раскланьвацца…
Вось з-за лазняку выглянула велізарнае чырвонае сонца. Пасля яно падымаецца над лугамі, і ўсё навокал раптам паплыве ў нейкім казачным тумане. І ты сам тады з вудай у руцэ, здаецца, плывеш у бязмежную рухомую далячынь…
Лета! Залатая пара…
Паводле Р. Ігнаценкі
Похожие статьи:
Якуб Колас → Якуб Колас - Лета
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Плакала лета, зямлю пакідаючы...
Пераказы → Шчаслівая ўсмешка лета
Пераказы → Летам у бары
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Лета