Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Загадка скрыпкі

   Сёння музыканты, як правіла, іграюць на электраінструментах, выкарыстоўваюць сучасную камп’ютарную музыку. Аднак найвышэйшую асалоду, як і некалі, можна атрымаць, мабыць, толькі ад гучання класічных інструментаў. Сярод іх адно з першых месцаў належыць сціплай і таленавітай скрыпцы. Нездарма ж са скрыпкай звязана мноства паданняў, легенд, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
   Так, існуе прыгожая легенда пра тое, што славутыя італьянскія майстры ніколі не чулі сапраўднага гучання сваіх інструментаў. Чаму? Таму што адразу пасля вырабу скрыпка іграла зусім не так, як праз некалькі гадоў. А добрая скрыпка атрымлівалася толькі тады, калі для кожнай яе дэталі браўся спецыяльны гатунак дрэва. Напрыклад, для вырабу верхняй дошкі інструмента падыходзіла толькі елка, ды і то не кожная. Майстры спачатку прыглядаліся, на якое дрэва часцей садзіліся птушкі ды распявалі свае цудоўныя песні. Дрэвы адзінокія, згорбленыя, сумныя ніколі, як правіла, не прымяняліся для вырабу інструментаў.
   А яшчэ гавораць, што гучанне скрыпкі ў першую чаргу залежала ад лаку, якім пакрывалі інструмент. Сакрэт жа лаку ведалі толькі старэйшыя скрыпічныя майстры.
   Згодна з іншай легендай, для ідэальных гукаў форма скрыпкі павінна быць вытрымана з дакладнасцю да дзясятай долі міліметра. А калі нехта з майстроў працаваў без душы, гатовая скрыпка магла зусім адмовіцца іграць.
   Відаць, у гэтых легендах ёсць і доля выдумкі. Аднак і па сённяшні дзень не навучыліся рабіць такія ж дасканалыя інструменты, як рабілі гэта ў свой час славутыя італьянскія майстры.
   З тых далёкіх часоў павялося, што скрыпку спачатку трэба «навучыць іграць», абыграць. Дрэва павінна прывыкнуць, прызвычаіцца да гукавых ваганняў. А пасля ўжо гатовую скрыпку варта даводзіць да ладу.
   Выклікае сумненне ў вучоных і праўдзівасць легенды пра тое, што для скрыпкі патрэбны толькі пэўны гатунак дрэва. Сапраўды, многія старажытныя скрыпкі рабіліся з елкі. Аднак для вырабу інструментаў выкарыстоўваліся і сасна, і нават піхта. Ёсць сумненне і адносна неабходнасці ідэальнай формы скрыпкі. Што да памераў, то аказалася, што сярод старажытных скрыпак, якія захаваліся да нашага часу, няма дзвюх зусім аднолькавых.
   Калі ж гаварыць аб працы без душы... Вядома, працаваць трэба старанна, заўзята, аддана. Аднак расказваюць пра вядомага майстра па вырабе скрыпак, які часам працаваў хутка, паспешліва. Але, нягледзячы на гэта, яго інструменты лічыліся найлепшымі ў свеце. На адной з яго скрыпак з любоўю іграў славуты Паганіні. Іграў так, што людзі, слухаючы яго музыку, плакалі, ачышчалі свае сэрцы ад крыўды і зайздрасці, станавіліся добрымі і даверлівымі.
   Аказваецца, і састаў лаку, якім пакрываліся скрыпкі, вядомыя майстры не трымалі пад сакрэтам. Яго ведалі нават звычайныя мэбельшчыкі.
   Вось нібы і ўсе сакрэты рассакрэчаны, абвергнуты. Аднак загадка скрыпкі, загадка яе чароўнай музыкі не разгадана і па сённяшні дзень. Можа, гэта ўдасца наступным пакаленням? Ці ў нашым жыцці павінны заставацца загадкі вечнага хараства? Цяжка адназначна адказаць на гэтыя пытанні. Відаць, чалавечы розум здольны разгадаць многія з іх. Але, мабыць, ёсць і такія, якія застануцца зманлівай і недаступнай таямніцай для ўсяго чалавецтва.
(456 слоў)

Паводле А. Маліноўскага.

Похожие статьи:

ПераказыСкрыпачка

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Скрыпка

ПераказыСкрыпачка

Янка БрыльЯнка Брыль - Скрыпка пяе

ПераказыСкрыпка