Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Жывыя барометры
Варыянт 1 (267 слоў)
Хто не жадае даведацца пра надвор’е наперад?! І часта не проста з цікаўнасці. Гаспадарчая дзейнасць чалавека ў многім залежыць ад надвор’я, а метэаролагі не заўсёды бываюць дакладнымі. Неацэнную дапамогу ў прадказанні надвор’я могуць аказаць многія жывёлы, якіх мы добра ведаем, але аб іх дзівосных здольнасцях часам і не здагадваемся. Жывёлы востра адчуваюць змяненне надвор’я і рэагуць на яго сваімі паводзінамі.
Калі ўзяць невялікага ўюна і пасадзіць у акварыум, то гэта гатовы жывы барометр. Пры набліжэнні моцнай навальніцы рыба будзе мітусіцца і часта ўсплываць на паверхню, а перад ясным надвор’ем заляжа на дно і нават не паварушыцца.
Гучнае кваканне жаб сярод дня – дакладная прымета непагадзі. Доўгае вячэрняе кваканне, наадварот, абяцае добрае надвор’е. Калі жабы маўчаць, то чакаецца пахаладанне.
Уюнам і жабам не ўступаюць балотныя п’яўкі. У добрае надвор’е, калі не чакаецца яго рэзкіх перамен, п’яўкі спакойна поўзаюць па дне вадаёма, камянях, воднай расліннасці. А калі яны пачалі вылазіць па сцёблах да самай паверхні вады, то ў бліжэйшы час будзе навальніца. П’яўка можа ўказваць і на змяненні тэмпературы. Калі ў руху і ў спакоі п’яўка выцягнутая, то пахаладання не будзе. Калі яна сціскаецца камячком, то тэмпература хутка панізіцца.
За паўдня або за суткі адчувае набліжэнне дажджу берасцянка, невялікая птушка нашых лясоў. Яна няспынна апавяшчае пра гэта ўсю акругу сваёй звонкай песенькай. Частым і доўгім кукаваннем указвае на ўстанаўленне цёплых дзён зязюля. Ніколі не падманваюць у прадказанні надвор’я стрыжы. Калі птушкі, якія толькі што весяліліся ў паветры, раптам знікаюць, значыць, у гэтым месцы чакаецца моцная непагадзь. У хатніх умовах у прадказанні надвор’я можа дапамагчы кошка. Калі яна ляжыць, скруціўшыся клубочкам, чакаюцца моцныя маразы. Многія жывёлы – выдатныя жывыя барометры.
Варыянт 2 (143 словы)
Неацэнную дапамогу ў прадказанні надвор’я могуць аказаць многія жывёлы, якіх мы добра ведаем. Жывёлы востра адчуваюць змяненне надвор’я і рэагуюць на яго сваімі паводзінамі.
Калі ўзяць уюна і пасадзіць у акварыум, то гэта гатовы жывы барометр. Пры набліжэнні моцнай навальніцы рыба будзе мітусіцца і часта ўсплываць на паверхню. Перад ясным надвор’ем заляжа на дно і нават не паварушыцца.
Гучнае кваканне жаб сярод дня – дакладная прыкмета непагадзі. Доўгае вячэрняе кваканне, наадварот, абяцае добрае надвор’е. Калі жабы маўчаць, то чакаецца пахаладанне.
За паўдня або за суткі адчувае набліжэнне дажджу берасцянка, невялікая птушка нашых лясоў. Яна няспынна апавяшчае пра гэта ўсю акругу сваёй звонкай песенькай. Частым і доўгім кукаваннем указвае на ўстанаўленне цёплых дзён зязюля. Ніколі не падманваюць у прадказанні надвор’я стрыжы. Калі птушкі, якія толькі што весяліліся ў паветры, раптам знікаюць, то ў гэтым месцы чакаецца моцная непагадзь.
Многія жывёлы – выдатныя жывыя барометры.
Паводле В. Стомы
Похожие статьи:
Пераказы → На беразе лясной крынічкі