Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Жабяня і Чапля
Над сажалкай калыхаўся на ветры чарот, распускаліся белыя і жоўтыя гарлачыкі.
Вось з ікрынкі вылезла Жабяня. Выглядала яно пацешна: пляскатая галава пераходзіла ў вузкае цела, якое канчалася хвастом. Вось чаму спачатку ўсе называлі яго апалоннікам. Было яно нязграбнае, за ўсё чаплялася, але паступова лапкі мацнелі, набіралі сілу, і неўзабаве, адкінуўшы хвост, Жабяня спрытна слізгала па вадзе. Яно радавалася жыццю, цёпламу ветрыку і ласкаваму сонейку. Разам са сваімі сяброўкамі скакала з берага – хто далей, плавала навыперадкі – хто хутчэй, ганялася за жукамі, тузала рака за вусы. Яно было добрае, вясёлае і, як усе малыя, любіла падурэць, што не падабалася старым жабам. Яны часта палохалі Жабяня, што прыляціць Чапля, схопіць і праглыне Жабяня, бо яго гарэзлівасць да дабра не давядзе.
Старыя мудрыя жабы добра ведалі жыццё.
Аднойчы ў небе мільгануў страшны шэры цень. Сярод жаб пачалася паніка. Яны кідаліся ў ваду і як мага глыбей закопваліся ў глей. Жабяня ўбачыла, як на доўгіх тонкіх нагах ішла па вадзе нейкая вялікая шэрая птушка. Яна хапала дзюбай жаб, падкідала іх угору і глытала – адну за другой. Відовішча было жахлівае. Жабяня здагадалася, што гэта і ёсць Чапля.
Наглытаўшыся жаб, Чапля ўзмахнула крыламі і паляцела.
Павойкаўшы і паўздыхаўшы, жабы зноў узяліся за свае справы.
Жыццё ў сажалцы ішло сваёй хадою, пакуль зноў не з’явілася Чапля. Жаб як ветрам здзьмула. Не паспела схавацца толькі Жабяня. Проста на яго насоўваўся шэры велікан. Жабяня ўбачыла маленькія вочкі і вялікую дзюбу, скіраваную на яго. У Жабяняці ажно каленцы задрыжалі.
– Паслухайце, – закалацілася яно, – не ешце мяне. Давайце лепш сябраваць.
Але Чапля нават не абазвалася. Яна ўзяла Жабяня за лапку, папаласкала ў вадзе і, падкінуўшы ўгору, сабралася праглынуць.
Жабяня пакрыўдзілася: навошта яго паласкаць? Яно ж не бруднае, бо з вады амаль не вылазіць. I не склала лапак, а растапырыла іх ва ўсе бакі. Чапля здзівілася. У такім выглядзе яна ніяк не магла праглынуць здабычу. Чапля яшчэ раз раскрыла дзюбу, але Жабяня ўвапхнула ёй у горла сухую чараціну.
Затаіўшы дыханне, жыхары сажалкі пільна сачылі за паядынкам. Выкінуўшы з дзюбы чараціну, Чапля зноў падкінула Жабяня ўгору. Але тое, падаючы, шпурнула ёй у вочы ціну. Чапля ад нечаканасці разгубілася. Пакуль яна ацерабілася ад ціны, Жабяня востраю асакою аблытала ёй ногі.
Жыхары сажалкі хоць і трымцелі ад страху, але рады былі за малое Жабяня і дружным кваканнем падбадзёрвалі яго.
А Чапля яшчэ больш злавалася. Яна разумела, што робіцца пасмешышчам, бо Жабяня ўжо не толькі абаранялася, але і наступала, шпурляючы ёй у галаву ўсё, што трапляла ў лапкі. Потым ухапілася за нахіленую чараціну, разгайдалася і сіганула на другую сцябліну. Як ні старалася Чапля яго дзеўбануць, не магла. Нарэшце ёй гэта надакучыла. Апошні раз яна нацэліла дзюбу на Жабяня, але тое паспела падсунуць ёй ракавінку.
Чапля зноў здзіўлена глянула на Жабяня і ў роспачы падумала: «Хай яго ліха! Праглынеш такое, а потым яшчэ захварэеш. Усе яны тут нейкія дзіўныя».
I падалася Чапля прэч ад сажалкі.
(469 слоў)
Паводле А. Дзялендзіка.