Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Дыпламат Іосіф Гашкевіч
Хоць і далёка ад нас Японія, ды здаўна вабіць да сябе беларусаў. Нават першым расійскім консулам у гэтай краіне быў выхадзец з Белай Русі Іосіф Антонавіч Гашкевіч. Ён стаў першым замежнікам, якому асцярожныя японцы дазволілі наведаць унутраную тэрыторыю краіны, што іншаземцам катэгарычна забаранялася. Іосіфа Антонавіча гасцінна прымала і японская сталіца. I ўжо зусім неверагоднае: «белавалосы рускі консул», як назвалі беларуса японцы, быў дапушчаны ў палац самога кіраўніка японскай дзяржавы. Гэта дыпламатычная пасада стала вяршыняй кар’еры Гашкевіча. Пачыналася ж усё значна прасцей і адначасова больш складана.
5 кастрычніка 1814 года ў сям’і Антона Гашкевіча, святара з Мінскага павета, нарадзіўся сын Восіп. Яго дзяцінства прайшло ў Рэчыцкім павеце. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, Мінскай духоўнай семінарыі, затым была Пецярбургская духоўная акадэмія. У час вучобы Іосіф авалодаў грэчаскай, нямецкай, французскай, англійскай, лацінскай, яўрэйскай мовамі. Тады ж захапіўся ідэяй перакласці старазапаветныя кнігі з яўрэйскай мовы на рускую, у хуткім часе Біблія была надрукавана.
У снежні 1839 года дваццаціпяцігадовы Іосіф Гашкевіч выпраўляецца ў сваё першае замежнае падарожжа. У складзе Рускай духоўнай місіі яго на дзесяць гадоў накіравалі ў Пекін. Тут ён вывучыў кітайскую і японскую мовы, займаўся астранамічнымі даследаваннямі, назіраў за прыродай, фатаграфаваў, збіраў калекцыі насякомых. Навуковыя вынікі Гашкевіч выклаў пазней у шэрагу артыкулаў, надрукаваных у Расіі.
А пасля была першая экспедыцыя ў Японію. У пачатку кастрычніка 1852 года Іосіф Гашкевіч у якасці перакладчыка быў накіраваны туды з дыпламатычнай місіяй.
Першая місія ў Японію аказалася ўдалай. У1855 годзе з удзелам Гашкевіча быў падпісаны руска-японскі дагавор. Усе тры гады, што доўжылася экспедыцыя, ён не перапыняў навуковых заняткаў. А паколькі місіі давялося практычна здзейсніць кругасветнае падарожжа, то Гашкевіч меў шмат магчымасцей для даследчай працы. Калі карабель прычальваў да берага, ён даследаваў прылеглыя землі, іх геалагічныя асаблівасці, збіраў калекцыі, рабіў фотаздымкі. Такім чынам вывучыў, напрыклад, Паўднёвую Афрыку.
Калі місія скончыла сваю працу, Гашкевіч вярнуўся ў Пецярбург, дзе здзейсніў сваю даўнюю мару – склаў першы «Японска-рускі слоўнік», які быў адзначаны медалём Пецярбургскай акадэміі навук і прэстыжнай Дзямідаўскай прэміяй. Такога слоўніка не мела тады ніводная краіна Еўропы.
Калі ў наступным годзе ў Японіі адкрывалася расійскае консульства, Іосіф Гашкевіч стаў першым расійскім консулам. Ён дзейсна спрыяў развіццю расійска-японскага супрацоўніцтва і паразумення. Акрамя таго, выкладаў у Хакадацкай рускамоўнай школе, займаўся навуковымі даследаваннямі.
У 1865 годзе Гашкевіч вярнуўся ў Пецярбург, пахаваўшы ў Японіі жонку. Аднак Іосіф Антонавіч увесь час памятаў пра сваю малую радзіму, пра свой беларускі край. Настальгія змусіла яго пераехаць у Беларусь. Жыў у невялікім маёнтку цяперашняга Астравецкага раёна. А 15 мая 1875 года дыпламат, вучоны-мовазнаўца, даследчык Далёкага Усходу, стацкі саветнік Іосіф Гашкевіч памёр.
Удзячныя нашчадкі годна ўшанавалі памяць I. Гашкевіча. У беларускім Астраўцы яму адкрыты помнік. У музеі японскага пасёлка Хэда захоўваецца шмат матэрыялаў пра нашага земляка, а ў гарадку Фудзі на помніку рускім матросам і афіцэрам значыцца і яго прозвішча. У горадзе Хакадатэ, дзе было расійскае консульства, устаноўлены бронзавы бюст Іосіфа Гашкевіча. Яго імем названы заліў у Паўночнай Карэі.
(472 словы)
Паводле А. Бутэвіча.
Похожие статьи:
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Крэўскі замак
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Каложская царква
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - У гасцях у вечнасці