Над абрывістым берагам Нёмана стаяў стары прысадзісты тоўсты дуб. Доўгі час бераг знаходзіўся пад вадою, паволі асоўваўся і агаляў тоўстыя карэнні старога дуба. Сам гэты дуб крыху пахіліўся набок, працягнуты над вадою яго корань здаваўся нагою – выходзіла так: дуб збіраўся перабрысці Нёман. Сеўшы на гэтым корані, Базыль бачыў: бегалі дробныя хвалі, звівалася ў вадзе доўгая раска; вада то ўздымала яе, то апускала, то раскідала ва ўсе бакі і гуляла ёю, як вецер дымам.
Каля самага берага стаяў у вадзе лазовы куст. Ён тое і рабіў, што борздзенька ківаўся пад напорам вады. І ніколі не меў спачыну гэты куст: і ўдзень і ўночы ківаўся ён. Хіба, можа, зімою, як марозы скуюць лёдам ваду, адпачне гэты пахілак-куст.
Базыль пазіраў і думаў. А вакол было ціха. І Базылю здавалася: ён чуе спевы гэтай цішыні. Доўга ён прыслухоўваўся, але спевы былі нейкія невясёлыя. Хлопцу стала маркотна: усё ішло, здавалася яму, сваёю дарогаю і жыло сваім жыццём, сярод якога ён пачуў сябе чужым.
Але гэты магутны, хоць і адзінокі дуб усяляў у душу хлопца надзею: ён адчуваў, што набярэцца моцы і вытрывае ўсе жыццёвыя нягоды.
(181 слова)
Паводле Я. Коласа
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Гімн жыццю
Пераказы, дыктанты → Берагам Нёмана
Пераказы, дыктанты → Каля Нёмана
Пераказы, дыктанты → Празрыстая пара восені
Пераказы, дыктанты → Старанная праца