Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзіўная рыба

   Сёння я ўпершыню пазнаёміўся з дзіўнай і цікавай рыбай – рачным вугром.
   Малады рыбак Ясюня паказаў мне злоўленага ім вялікага вугра. Ён выцягнуў гэтую рыбіну з палатнянага мяшка і паклаў на зямлю.
   – На змяю падобны, – сказаў Ясюня.
   Сапраўды, вугор амаль нічым не нагадваў рыбу. Я схіліўся над дзіўнай рыбінай і пачаў аглядаць яе з усіх бакоў. Зверху вугор быў сінявата-цёмнага, амаль чорнага колеру, а з бакоў і знізу жаўтавата-белы. У яго даволі вялікія мутныя цёмна-сіняватыя вочы. Рот поўны маленькіх, вострых зубоў. Вузкія, невялікія шчыліны жабраў знаходзяцца каля грудных плаўнікоў. Яны могуць доўга захоўваць вільгаць, і гэта дае магчымасць вугру вылазіць з вады на бераг і прапаўзаць па зямлі даволі значныя адлегласці. Плаўнікі ў вугра кароткія, адзін вузкі плаўнік акаймоўвае ўсю заднюю частку цела, зліваючыся ў адно цэлае з хвастом. Даўжынёю гэты вугор быў каля двух метраў, а таўшчынёю з руку.
   Я ведаў, што рачны вугор жыве ў вадаёмах, якія звязаны з Атлантычным акіянам. На Беларусі ён вядзецца ў Нёмане і Дзвіне з прытокамі і ў азёрах, якія маюць сувязь з Балтыйскім морам, у тым ліку і ў возеры Нарач.
   Большую частку свайго жыцця вугры праводзяць у прэснай вадзе, у рэках і азёрах, а для нерасту плывуць у Атлантычны акіян.
   З возера Нарач яны плывуць па рацэ Нарачанцы ў раку Вілію, адтуль у Нёман, па Нёману ў Балтыйскае мора і – у акіян. Так яны дабіраюцца да Саргасава мора, якое знаходзіцца каля берагоў Амерыкі, між Бермудскімі і Багамскімі астравамі. Гэта – самае цёплае месца ў Атлантычным акіяне. Тут, на глыбіні каля тысячы метраў, вугры нерастуюць і пасля гэтага гінуць. З ікры развіваюцца плоскія, празрыстыя лічынкі, падобныя на вузкі, выцягнуты лісток вярбы. Тое, што яны празрыстыя, а значыць і непрыкметныя, дапамагае лічынкам хавацца ад ворагаў. Лічынкі трапляюць у цёплае марское цячэнне Гальфстрым, якое нясе іх на паўночны ўсход, да берагоў Еўропы. Гэтае падарожжа працягваецца тры гады. Па дарозе лічынкі трацяць паступова сваю плоскую форму, пачынаюць выцягвацца, акругляцца і ператвараюцца нарэшце ў маленькіх маладых вугроў, пакуль што ўсё яшчэ празрыстых.
   Вясной, на чацвёрты год свайго існавання, маладыя вугры ідуць з мораў рэкі. Самцы застаюццаў вусцях рэк, а самкі падымаюцца ўверх па плыні. У Нарачы самцоў вугра няма, адны толькі самкі. Самцы трымаюцца ў вусці Нёмана.
   У рэках і азёрах вугры жывуць, пакуль не дасягнуць дзесяці год. Пасля гэтага яны ідуць на нераст у акіян.
   Перад сваім вялікім падарожжам у Атлантычны акіян вугор перастае есці. Спіна ў яго цямнее, а ніжняя частка цела святлее, вочы павялічваюцца ў памерах.
   Відаць, вугор, якога злавіў Ясюня, збіраўся ў сваё далёкае і апошняе падарожжа.
(415 слоў)

Паводле В. Вольскага.

Похожие статьи:

ПераказыВугор

ПераказыВугор

ПераказыНезвычайная рыба