Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вугор

   Перад зімовай сцюжай і бяскорміцай у вырай адлятаюць ластаўкі, жаўрукі, буслы, журавы і шмат якія іншыя крылатыя падарожнікі.
   Але ёсць і рыба, якая адпраўляецца ў падводны вырай. Называецца яна вугор і здалёк падобна да вужакі.
   Вугор – жаданая здабыча для кожнага рыбака. Яго мяса смачнае, амаль без касцей. Гэта вадзяны драпежнік. Ён палюе на слімакоў, чарвякоў і казюрак. Насыціцца і хаваецца пад корч або ў траву. А праз некалькі гадоў, нагуляўшы даволі тлушчу, вугор апранаецца ў серабрыста-бліскучую луску.
   Людзі калісьці не ведалі, адкуль бярэцца гэтая рыба, бо ніхто не бачыў, каб яна нераставала. Адны вучоныя казалі, што вугры паходзяць з рачнога пяску. Другія пераконвалі, што яны з’яўляюцца з чарвякоў, а трэція сцвярджалі, што з конскай грывы.
   Адгадка аказалася ў падводным выраі. Апрануўшы серабрыстую луску, вугор плыве ў Балтыйскае мора, а потым – у Атлантычны акіян. Там знаходзіцца Саргасава мора. Тут, у салёнай марской вадзе, на вялікай глыбіні, гэтая рыба нерастуе. Празрыстыя ікрынкі доўга плаваюць па акіянскай прасторы.
   Паступова яны выспяваюць у малькоў, якія імкнуцца трапіць у тыя самыя рэкі і азёры, дзе выраслі іх бацькі.
   Да сённяшняга дня невядома: што дапамагае малькам не заблудзіцца: ў акіяне і знайсці шлях на радзіму?
   Зноў вучоныя выказваюць розныя здагадкі. Адны ўпэўнены, што дарогу малькам падказвае акіянская плынь. Другія ім пярэчаць: правільны кірунак паказваюць зоркі. І ўсе вучоныя згаджаюцца: гэта вялікая таямніца, адгадка якой наперадзе.
(220 слоў)

Паводле У. Ягоўдзіка

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСтронга

Пераказы, дыктантыЖыццё ў вадаёме

Пераказы, дыктантыВажкі промысел

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Каму холадна, каму душна

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Як зімуюць рыбы