Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзіцячая Хатынь

Варыянт 1 (259 слоў)

   Адзіны ў свеце мемарыял, прысвечаны малалетнім ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіцца ў вёсцы Красны Бераг, што ў Жлобінскім раёне. Тут, на Гомельшчыне, у 1943 годзе фашыстамі быў створаны канцэнтрацыйны лагер, дзе ў непаўналетніх вязняў забіралі кроў для нямецкіх салдат.
   28 чэрвеня 2007 года на месцы гібелі дзяцей, сярод вялізнага яблыневага саду, з’явіўся мемарыял. Над яго праектам працавалі архітэктары пад кіраўніцтвам Леаніда Левіна, аднаго з аўтараў Мемарыяльнага комплексу «Хатынь», які сам перажыў жахі вайны і запомніў іх на ўсё жыццё. У Красным Беразе ён стварыў мемарыял, дзе няма гармат, танкаў, самалётаў, але ёсць школьныя парты, дзіцячыя малюнкі, прыгожы караблік. І гэта кранае да слёз.
   Каля ўвахода наведвальнікаў сустракае бронзавая фігурка тоненькай дзяўчынкі, твар якой перакошаны ад болю і бездапаможнасці. Паднятымі ўгору рукамі дзяўчынка нібы абараняецца ад усіх здзекаў, якія прынеслі на нашу зямлю гітлераўцы.
   Ад «Плошчы Сонца» разыходзяцца алеі-прамяні, адзін з якіх перасякае мёртвы клас. Дваццаць адна беласнежная пустая парта чакае сваіх вучняў, якія ўжо ніколі не сядуць за гэтыя парты. На чорнай дошцы белымі літарамі надрукаваны тэкст ліста пятнаццацігадовай Каці Сусанінай, які яна напісала з канцлагера свайму бацьку. На адваротным баку класнай дошкі адлюстравана карта Беларусі. На ёй абазначаны месцы, дзе знаходзіліся падобныя донарскія дзіцячыя лагеры смерці.
   «Караблік Надзеі», змешчаны за дошкай, сімвалізуе мары, якім не наканавана было здзейсніцца. На яго ветразях напісана сто семдзесят адно дзіцячае імя. Менавіта столькі дзяцей удалося выратаваць у дзень вызвалення Краснага Берага – 25 чэрвеня 1944 года. На мальбертах знаходзяцца вітражы, створаныя дзецьмі Мінскага палаца піянераў у 1946 годзе. На іх адлюстравана тое, што хацелі бачыць дзеці, у якіх вайна адабрала дзяцінства.
 


 

Варыянт 2 (159 слоў)

   Адзіны ў свеце мемарыял, прысвечаны малалетнім ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіцца ў вёсцы Красны Бераг, што ў Жлобінскім раёне. Тут фашыстамі быў створаны канцлагер, дзе ў непаўналетніх вязняў забіралі кроў для нямецкіх салдат.
   У 2007 годзе на месцы гібелі дзяцей з’явіўся мемарыял. Над яго праектам працавалі архітэктары пад кіраўніцтвам Леаніда Левіна.
   Каля ўвахода наведвальнікаў сустракае бронзавая фігурка тоненькай дзяўчынкі, твар якой перакошаны ад болю. Паднятымі ўгору рукамі дзяўчынка нібы абараняецца ад здзекаў.
   Ад «Плошчы Сонца» разыходзяцца алеі-прамяні, адзін з якіх перасякае мёртвы клас. Дваццаць адна беласнежная пустая парта чакае сваіх вучняў. На чорнай дошцы белымі літарамі надрукаваны тэкст ліста пятнаццацігадовай Каці Сусанінай, які яна напісала з канцлагера свайму бацьку. На адваротным баку класнай дошкі адлюстравана карта Беларусі. На ёй абазначаны месцы, дзе знаходзіліся донарскія дзіцячыя лагеры смерці.
   «Караблік Надзеі», змешчаны за дошкай, сімвалізуе мары, якім не наканавана было здзейсніцца. На яго ветразях напісана сто семдзесят адно імя – столькі дзяцей удалося выратаваць у дзень вызвалення Краснага Берага.

Паводле В. Канюта

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыАхвярам Халакосту