Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ахвярам Халакосту

   У 2000 годзе ў Мінску з’явіўся абноўлены мемарыял ахвярам Халакосту – праследавання і масавага знішчэння яўрэяў у перыяд нямецкай акупацыі. Мемарыял «Яма» нагадвае нам аб бесчалавечнасці фашыстаў, сімвалізуе вечны боль і смутак беларускага народа. Гэта месца прысвечана ўсім яўрэям, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі ў Мінскім гета.
   Менавіта ў беларускай сталіцы было створана адно з найбуйнейшых у Еўропе гета для знішчэння яўрэяў. Ужо ў канцы кастрычніка 1943 года сумная статыстыка сведчыла аб ста тысячах забітых. Толькі 2 сакавіка 1942 года нацысты забілі больш за пяць тысяч яўрэяў, у тым ліку каля двухсот сірот з дзіцячага дома. Вялікімі групамі іх падводзілі да яра на ўскрайку гета, расстрэльвалі і скідвалі ў яму. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца мемарыял.
   Абеліск з чорнага мармуру быў устаноўлены тут яшчэ ў 1947 годзе. На сціплай сцяне змяшчаліся памятныя надпісы на рускай і яўрэйскай мовах. Доўгі час гэта быў адзіны помнік ахвярам Халакосту ва ўсім Савецкім Саюзе.
   Лесвіца-кампазіцыя «Апошні шлях» з’явілася тут у пачатку дваццаць першага стагоддзя. Спуск у яму – сямнаццаць прыступак. Дваццаць сем бронзавых фігур быццам ідуць у сваю ж магілу. Дзеці з надзеяй на выратаванне чапляюцца за дарослых.
   Эльза Полак, аўтар скульптурнай кампазіцыі, ведае пра зверствы фашыстаў не па чутках. Яна, яўрэйка са Славакіі, толькі цудам выжыла ў Асвенцыме. У стварэнні скульптуры таксама прымалі ўдзел архітэктар Леанід Левін і скульптар Аляксандр Фінскі.
   Алея Праведнікаў народаў свету, высаджаная каля «Ямы», увекавечвае імёны беларусаў, якія, рызыкуючы сваім жыццём, ратавалі людзей яўрэйскага паходжання. Усяго ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі існавала звыш сотні гета, адкуль у апошні шлях адправіліся таксама яўрэі з Германіі, Польшчы, Аўстрыі і іншых краін.
   Штогод другога сакавіка на тэрыторыі мемарыяла адбываюцца памінальныя мітынгі. Спускаючыся ў яму, людзі праходзяць той жа шлях, што і кожны з ланцужка асуджаных на смерць, адчуваючы смутак і жах таго, што адбылося.
(316 слоў)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыДзіцячая Хатынь